Вы выкарыстоўваеце састарэлы браўзэр. Каб карыстацца ўсімі магчымасцямі сайта, загрузіце і ўсталюйце адзін з гэтых браўзэраў:

Language
Чым Вам дапамагчы?

На Беларускай чыгунцы выбралі лепшых выканаўцаў аўтарскай і бардаўскай песні

2 мая

28 красавіка ў Доме культуры чыгуначнікаў горада Ліды адбыўся фестываль аўтарскай і бардаўскай песні «Звініце, гітарныя струны» сярод работнікаў арганізацый Беларускай чыгункі. Фестываль праводзіўся ў рамках Года малой Радзімы з мэтай садзейнічання развіццю творчага патэнцыялу самабытных аўтараў і выканаўцаў, прыцягнення да актыўных заняткаў аматарскай мастацкай творчасцю работнікаў арганізацый БЧ, а таксама абмену вопытам работы ў папулярызацыі жанру аўтарскай і бардаўскай песні. У рэпертуары удзельнікаў прагучалі песні на беларускай мове, а таксама прысвечаныя любімым месцам у Беларусі.

У фестывалі прынялі ўдзел больш за 20 работнікаў беларускай магістралі.

Гран-пры фестывалю прысуджаны дуэту кіраўніка калектыву Культурна-спартыўнага цэнтра Дзмітрыя Абраўца і кіраўніка гуртка Культурна-спартыўнага цэнтра Баранавіцкага аддзялення чыгункі Андрэя Канапацкага. Яны выканалі твор на словы і музыку Андрэя Канапацкага «Стары дворык».

У намінацыі «Аўтар» пераможцам прызнаны старшыня першаснай прафсаюзнай арганізацыі Жабінкаўскай дыстанцыі пуці Брэсцкага аддзялення чыгункі Аляксандр Шчасюк. Ён выканаў дзве кампазіцыі ўласнага сачынення «Шануйце герояў» і «Маміны рукі». Другога месца ўдастоены электраманцёр па рамонце і абслугоўванню электраабсталявання Культурна-спартыўнага комплексу Гомельскага аддзялення БЧ Уладзімір Шкрабкоў з песняй «На край свету», на трэцім месцы — аглядчык-рамонтнік вагоннага дэпо Орша Мінскага аддзялення чыгункі Аляксей Краўцоў, які выканаў творы «Дастукацца да нябёс» і «Басанож па аблоках».

У намінацыі «Выканаўца» першае месца прысуджана электраманцёру Баранавіцкай дыстанцыі сігналізацыі і сувязі Баранавіцкага аддзялення чыгункі Аляксандру Байтусу, які выканаў песні «Пакліч мяне» (сл. В. Пеленягрэ, муз. І. Матвіенкі) і «Скрыжаванне» (сл. і муз. А. Макарэвіча). Другое месца заваяваў рабочы па комплексным абслугоўванні будынка Культурна-спартыўнага комплексу Гомельскага аддзялення БЧ Іван Баранаў з песняй «Губы акаянныя» (сл. і муз. Ю. Кіма), трэцяе месца ў дуэта электрамеханіка сувязі Магілёўскай дыстанцыі сігналізацыі і сувязі Віктара Ліпчанка і аператара Магілёўскай дыстанцыі пуці Таццяны Ваўчок, якія выканалі кампазіцыю «Сон аб адыходзячым цягніку» (сл. Ю. Левітанскага, муз. С. Нікіціна). Спецыяльны прыз журы за творчае выкананне быў прысуджаны машыністу лакаматыўнага дэпо Ліда Баранавіцкага аддзялення чыгункі Андрэю Ярмаковічу з песняй «Гэта ўсё» (сл. і муз. Ю.Шаўчука).

Пры ацэнцы творчасці ўдзельнікаў журы ўлічвала выканальніцкае майстэрства, змест і мастацкі ўзровень выкананых твораў, якасць акампанементу і сцэнічную культуру выканання.

У завяршэнне творчага вечара майстар-клас для ўдзельнікаў фестывалю далі прафесійныя выканаўцы — члены журы: музычны кіраўнік народнага тэатра «Эксперымент» г. Баранавічы, аўтар-выканаўца Фёдар Жыляк, экс-кіраўнік клуба аўтарскай і бардаўскай песні «Ваганты» г. Баранавічы, аўтар-выканаўца Андрэй Чэркасаў, кіраўнік Мінскага клуба аўтарскай песні і паэзіі, аўтар-выканаўца Аляксей Нежавец.

Пераможцам фестывалю былі ўручаны Дыпломы і памятныя прызы.

 

Інфармацыя падрыхтавана прэс-цэнтрам БЧ

Да спісу навін за 2018 год