Вы выкарыстоўваеце састарэлы браўзэр. Каб карыстацца ўсімі магчымасцямі сайта, загрузіце і ўсталюйце адзін з гэтых браўзэраў:

БЕЛ

Чыгуначнікі 7 краін абмяркоўваюць у Мінску перспектывы развіцця кантэйнерных перавозак паміж Усходам і Захадам

11 красавіка 2018

10 красавіка ў Мінску адкрылася пасяджэнне Сумеснай рабочай групы па перавозках кантэйнернымі цягнікамі ў зносінах Кітай—Еўропа. Сумесная рабочая група (СРГ) была створана з мэтай рэалізацыі Пагаднення аб паглыбленні супрацоўніцтва па арганізацыі кантэйнерных цягнікоў у зносінах Кітай—Еўропа, заключанага ў 2017 годзе паміж чыгункамі 7 краін — Кітая, Беларусі, Германіі, Казахстана, Манголіі, Польшчы і Расіі. Сімвалічна, што падпісанне сямістаронняга Пагаднення завяршылася роўна год таму — у красавіку 2017 года таксама ў г. Мінску.

«На працягу апошніх гадоў для Беларускай чыгункі аб'ёмы кантэйнерных перавозак у зносінах Кітай—Еўропа—Кітай штогод падвойваюцца. У 2017 годзе яны склалі 257 тысяч кантэйнераў ДФЭ. Безумоўна, гэтаму спрыяла праведзеная ў рамках Пагаднення работа», — адзначыў на адкрыцці другога пасяджэння СРГ Начальнік Беларускай чыгункі Уладзімір Марозаў. Ён павітаў удзельнікаў і яшчэ раз падкрэсліў важнасць дыялогу, неабходнасць выразнай, зладжанай і ўзгодненай работы ўсіх удзельнікаў перавозачнага працэсу.

«Значны рост аб'ёмаў перавозак кантэйнернымі цягнікамі ў зносінах Кітай—Еўропа даў вялікі штуршок злучэнню інфраструктуры краін Азіі і Еўропы, садзейнічаючы гандлёва-эканамічным сувязям паміж краінамі, па тэрыторыях якіх праходзяць маршруты перавозак, падвышаючы даходнасць чыгунак гэтых краін», — заявіў на адкрыцці другога пасяджэння СРГ намеснік генеральнага дырэктара Кітайскіх чыгунак Лю Чжэньфан. Ён паведаміў, што на працягу 2017 года ў зносінах Кітай—Еўропа было арганізавана 3673 кантэйнерных цягніка, кошт перавезеных тавараў склаў 16 млрд долараў ЗША. У цяперашні час кантэйнерныя цягнікі звязваюць 43 горада Кітая з 41 горадам у 13 краінах Еўропы.

Беларуская чыгунка работае над развіццём тэрмінальнай інфраструктуры на беларуска-польскай мяжы, пераразмеркаваннем кантейнерапатоку і арганізацыяй новых маршрутаў руху кантэйнерных цягнікоў. Як паведаміў першы намеснік Начальніка Беларускай чыгункі Ігар Шылаў, у дадатак да маршруту Красное—Орша—Брэст арганізаваны маршруты прытрымлівання кантэйнерных цягнікоў праз памежныя пераходы Брузгі-Кузніца Беластоцкая, а таксама Свіслач—Семянуўка. Рэзерв прапускной здольнасці на ўсіх беларуска-польскіх памежных пераходах складае 52%.

Перспектыву перавозак з Кітаем Беларуская чыгунка бачыць не толькі ў забеспячэнні транзіту, але і ў развіцці перавозак знешнегандлёвых грузаў для беларускіх прадпрыемстваў. Акрамя таго павелічэнне экспарту ў Кітай звязана і з рэалізацыяй праекта развіцця Індустрыяльнага парка «Вялікі камень» у рамках кітайскай ініцыятывы «Адзін пояс — адзін шлях». З мэтай стварэння аптымальных умоў для экспарту прадукцыі беларускіх прадпрыемстваў Беларуская чыгунка праводзіць работу па развіцці перавозак з задзейнічаннем магчымасцяў кантэйнернага хаба ў Мінску — станцыі Калядзічы транспартна-лагістычнага цэнтра Мінск.

На працягу дзвюх дзён другога пасяджэння СРГ у Мінску работаюць дзве падгрупы экспертаў з 7 краін — па арганізацыі перавозак і маркетынгу, а таксама па інфармацыйным узаемадзеянні. Сярод разглядаемых пытанняў:

  • фарміраванне тэхналогіі арганізацыі кантэйнерных перавозак у зносінах Кітай-Еўропа і развіццё інфраструктуры;
  • павышэнне маршрутнай хуткасці руху кантэйнерных цягнікоў;
  • пашырэнне геаграфіі маршрутаў кантэйнерных цягнікоў;
  • развіццё электроннага абмену інфармацыяй з мытнымі і іншымі кантралюючымі органамі для спрашчэння кантрольных працэдур пры грузавых перавозках;
  • развіццё перавозак міжнародных паштовых адпраўленняў, тавараў электроннага гандлю, грузаў у рэфрыжэратарных кантэйнерах і г. д.

 

Інфармацыя падрыхтавана прэс-цэнтрам БЧ

Да спісу навін за 2018 год