Своечасова аплаціце праезд! 16 сакавіка Беларуская чыгунка праводзіць акцыю «Стоп — заяц!»
12 сакавіка 2018
16 сакавіка Беларуская чыгунка правядзе акцыю «Стоп — заяц!», накіраваную на павышэнне культуры праезду пасажыраў у цягніках. Ініцыятарам яе правядзення выступіў галіновы камітэт ГА «БРСМ» беларускай магістралі. Прадстаўнікі БЧ арганізуюць комплекс мерапрыемстваў па праверцы наяўнасці праязных дакументаў (білетаў) у пасажыраў цягнікоў рэгіянальных ліній эканомкласа. Кантроль будзе ажыццяўляцца на пероне пры пасадцы ці высадцы з транспартнага сродку. Таксама ўдзельнікі акцыі раздадуць пасажырам тэматычныя памяткі. Акрамя работнікаў БЧ у мерапрыемстве прымуць удзел супрацоўнікі аддзелаў унутраных спраў на транспарце.
За 2 месяцы 2018 года кантралёры-рэвізоры пасажырскіх цягнікоў БЧ правялі 9860 праверак у цягніках гарадскіх, рэгіянальных, міжрэгіянальных і міжнародных ліній, што на 685 праверак больш, чым за аналагічны перыяд 2017 года.
За безбілетны праезд аштрафавана 906 грамадзян, у адносінах да 182 безбілетных пасажыраў складзены пратаколы аб адміністрацыйным правапарушэнні.
У выніку кантролю ў цягніках спагнана штрафу і тарыфу на суму 21,9 тыс. руб.
Беларуская чыгунка заклікае пасажыраў адказна ставіцца да карыстання паслугамі чыгуначнага транспарту і своечасова аплачваць праезд!
Нагадваем, што ў цяперашні час штраф за безбілетны праезд у цягніках гарадскіх ліній складае ад 0,5 да 1 базавай велічыні, штраф за безбілетны праезд пасажыраў у цягніках рэгіянальных ліній — 0,7 базавай велічыні, у міжрэгіянальных і міжнародных лініях — 1 базавую велічыню.
Таксама заканадаўствам Рэспублікі Беларусь прадугледжана адміністрацыйная адказнасць (штраф) за неаплачаны правоз ручной паклажы, колькасць або памер якой перавышаюць устаноўленыя заканадаўствам нормы бясплатнага правозу (вагой больш за 36 кілаграмаў, памерам па суме трох вымярэнняў, які перавышае 200 сантыметраў).
Курэнне (спажыванне) тытунёвых вырабаў у забароненых месцах цягне накладанне штрафу ў памеры да 4 базавых велічынь.
Даведачна:
Пасажыр у абавязковым парадку пры пасадцы ў цягнік і ў час паездкі павінен мець праязны дакумент (білет), а пры наяўнасці права на бясплатны (ільготны) праезд — арыгінал дакумента, які пацвярджае такое права.
Афармленне праязных дакументаў (білетаў) выконваецца ў білетнай касе, праз тэрмінал самаабслугоўвання.
Пры адсутнасці на станцыі або прыпыначным пункце білетнай касы, тэрмінала самаабслугоўвання грамадзянін можа ажыццявіць пасадку ў цягнік з ненумераванымі месцамі без праязнога дакумента (білета), аплаціўшы праезд і правоз ручной паклажы ў цягніку ў упаўнаважанай асобы да наступнага прыпынку цягніка пасля пасадкі. У такім выпадку плата за афармленне праязнога дакумента (білета) не спаганяецца.
Безбілетным з'яўляецца грамадзянін, выяўлены без праязнога дакумента (білета), які не аплаціў своечасова праезд, або які прад'явіў праязны дакумент (білет), які не дае права праезду ў паказаным цягніку, вагоне, а таксама без дакументаў, якія пацвярджаюць права на праезд па бясплатным, ільготным, дзіцячым, службовым праязным дакуменце (білеце), пры правядзенні кантролю ў цягніках і непасрэдна пасля заканчэння паездкі ў цягніках з ненумераванымі месцамі.
Безбілетны грамадзянін, выяўлены ў цягніку з ненумераванымі месцамі, абавязаны аплаціць кошт праезду ад станцыі пасадкі да станцыі свайго прызначэння, кошт паслугі па афармленні праязнога дакумента (білета) у цягніку і штраф.
Калі безбілетны грамадзянін заяўляе аб жаданні пакінуць цягнік, ён аплачвае кошт праезду да станцыі, на якой пакіне цягнік, а таксама штраф.
У выпадку адмовы аплаціць кошт праезду і пакінуць цягнік, безбілетны грамадзянін выдаляецца з цягніка ўпаўнаважанымі асобамі на бліжэйшай станцыі.
Iнфармацыя падрыхтавана прэс-цэнтрам БЧ
Да спісу навін за 2018 год