Вы выкарыстоўваеце састарэлы браўзэр. Каб карыстацца ўсімі магчымасцямі сайта, загрузіце і ўсталюйце адзін з гэтых браўзэраў:

БЕЛ

Мерапрыемствы, прысвечаныя 155-годдзю Беларускай чыгункі. Святочны каляндар на снежань

07 снежня 2017

27 снежня Беларускай чыгунцы споўніцца 155 гадоў.

У 2017 годзе ў рамках святкавання 155-годдзя на магістралі прайшло больш за 50 мерапрыемстваў у вытворчай і сацыяльнай сферах. Багатым на падзеі будзе і апошні месяц адыходзячага года.

6 снежня ў сталічным Палацы культуры і спорту чыгуначнікаў пройдзе ўзнагароджанне работнікаў арганізацый Беларускай чыгункі вышэйшымі галіновымі ўзнагародамі.

8 снежня ў Мінску адбудзецца рабочая сустрэча Начальніка Беларускай чыгункі Уладзіміра Марозава з кіраўнікамі дэлегацый замежных чыгуначных адміністрацый і кампаній, міжнародных транспартных арганізацый па пытаннях далейшага супрацоўніцтва.

8 снежня ў Нацыянальным акадэмічным Вялікім тэатры оперы і балета Рэспублікі Беларусь адбудуцца Урачысты вечар і святочны канцэрт, прысвечаныя 155-годдзю Беларускай чыгункі.

14 снежня Беларуская чыгунка правядзе ў Маскве ў Пасольстве Рэспублікі Беларусь у Расійскай Федэрацыі Круглы стол «Транзітны патэнцыял Рэспублікі Беларусь у забеспячэнні перавозак расійскіх знешнегандлёвых грузаў».

15 снежня ў Магілёве традыцыйна збяруцца каманды беларускай магістралі на фестываль «Клуб вясёлых чыгуначнікаў».

15 снежня пачне курсіраваць навагодні экспрэс у маёнтак Дзеда Мароза ў Нацыянальным парку «Белавежская пушча». Спецыяльны маршрут выхаднога дня, арганізаваны Турыстычным цэнтрам «Дартур» Беларускай чыгункі будзе курсіраваць 15, 22 і 24 снежня, а таксама 2, 4 і 6 студзеня.

19 снежня на Баранавіцкім аддзяленні Беларускай чыгункі пройдзе дарожны фестываль паэзіі «Свіцязі яснай хупавыя крылы».

20 снежня на вакзале станцыі Мінск-Пасажырскі ў зале чакання на трэцім паверсе пройдзе канцэрт Прэзідэнцкага аркестра пад кіраўніцтвам заслужанага артыста Беларусі Віктара Бабарыкіна. Гэты музычны праект Беларуская чыгунка арганізуе ў канун свайго 155-годдзя і прысвячае пасажырам і работнікам Беларускай чыгункі.

З 22 снежня па 7 студзеня па Дзіцячай чыгунцы імя К.С. Заслонава будзе курсіраваць святочны цягнік «Навагодні экспрэс». Першы цягнік адправіцца 22 снежня ў 13.30.

З 22 снежня па 2 студзеня ў сталічным Палацы культуры і спорту чыгуначнікаў пройдуць навагоднія цыркавыя паказы «Сон Машы ў навагоднюю ноч» паводле казкі Э. Гофмана «Шчаўкунчык». Пачатак паказаў а 10.00, 13.00,16.00 гадзіне. Навагоднія прадстаўленні таксама пройдуць ва ўсіх установах культуры беларускай магістралі.

27 снежня ў Дзень нараджэння Беларускай чыгункі на вакзалах абласных цэнтраў і буйных чыгуначных вузлоў Беларускай чыгункі таксама пройдуць канцэрты, на якіх выступяць калектывы мастацкай самадзейнасці.

У перыяд з 11 снежня бягучага года па 10 студзеня 2018 года арганізацыі Беларускай чыгункі сумесна з прафсаюзнымі камітэтамі і першаснымі арганізацыямі ГА «БРСМ» прымуць удзел у навагодняй дабрачыннай акцыі «Нашы дзеці».

Інфармацыя падрыхтавана прэс-цэнтрам БЧ

Да спісу навін за 2017 год