Вы выкарыстоўваеце састарэлы браўзэр. Каб карыстацца ўсімі магчымасцямі сайта, загрузіце і ўсталюйце адзін з гэтых браўзэраў:

БЕЛ

Дэлегацыя Беларускай чыгункі прыме ўдзел у 67-м пасяджэнні Савета па чыгуначным транспарце дзяржаў — удзельніц Садружнасці

17 кастрычніка 2017

67-e пасяджэнне Савета па чыгуначным транспарце дзяржаў — удзельніц Садружнасці пройдзе ў Рызе (Латвія) 19—20 кастрычніка бягучага года.

У Рызе збяруцца члены Савета — кіраўнікі чыгуначных адміністрацый з Азербайджана, Арменіі, Беларусі, Казахстана, Кіргізіі, Малдовы, Расіі, Таджыкістана, Туркменістана, Узбекістана, Украіны; асацыяваныя члены Савета — кіраўнікі чыгуначных адміністрацый Балгарыі, Грузіі, Латвіі, Фінляндыі, у адпаведнасці з Палажэннем аб Савеце — кіраўнікі чыгуначных адміністрацый Літвы, Эстоніі і Старшыня Дырэкцыі Савета па чыгуначным транспарце дзяржаў — удзельніц Садружнасці; назіральнікі пры Савеце — прадстаўнікі чыгуначнай адміністрацыі Ісламскай Рэспублікі Іран і Міжнароднай Канфедэрацыі прафсаюзаў чыгуначнікаў і транспартных будаўнікоў, прадстаўнік Выканаўчага камітэта СНД. Старшынстваваць на пасяджэнні будзе Старшыня Савета, прэзідэнт адкрытага акцыянернага таварыства «Расійскія чыгункі» О.В. Белазёраў.

Дэлегацыю Беларускай чыгункі ўзначаліць Начальнік чыгункі Уладзімір Марозаў.

Праграмай мерапрыемства прадугледжаны разгляд 12 пытанняў, сярод іх: аб выкананні рашэнняў шэсцьдзесят шостага пасяджэння Савета і выніках эксплуатацыйнай працы сеткі чыгунак за дзевяць месяцаў 2017 года; аб выніках працы пасажырскага комплексу ў міжнародных зносінах за дзевяць месяцаў 2017 года;аб выніках распрацоўкі графіка руху цягнікоў, плана фарміравання грузавых цягнікоў і плана фарміравання вагонаў з кантэйнерамі ў міжнародных зносінах на 2017/2018 год; аб тарыфнай палітыцы чыгунак на перавозкі грузаў у міжнародных зносінах на 2018 фрахтавы год і шэраг іншых важных пытанняў.

2017 год праходзіць пад знакам 25-годдзя Савета. 14 лютага 1992 г. у г. Мінску кіраўнікамі ўрадаў Садружнасці Незалежных Дзяржаў было падпісана «Пагадненне аб каардынацыйных органах чыгуначнага транспарту Садружнасці Незалежных Дзяржаў», якім для каардынацыі працы чыгуначнага транспарту на міждзяржаўным узроўні і выпрацоўкі ўзгодненых прынцыпаў яго дзейнасці засноўваўся Савет па чыгуначным транспарце.

Савет праводзіць узгодненую палітыку ў галіне чыгуначнага транспарту па розных напрамках: сумесная эксплуатацыя рухомага саставу, фарміраванне агульнай тарыфнай палітыкі, развіццё і ўдасканаленне адзінай тэхналагічнай і інфармацыйнай прасторы, узгодненае развіццё інфраструктуры чыгунак.

Беларуская чыгунка прымае актыўны ўдзел у рабоце Савета. На сучасным этапе беларуская магістраль імкнецца максімальна спрасціць і паскорыць праходжанне транзітных грузаў па тэрыторыі краіны. Удасканальваюцца мытныя і памежныя працэдуры, укараняецца праграмнае забеспячэнне, якое дазваляе фармаваць электронныя перавозачныя дакументы і весці электронны абмен дадзенымі паміж чыгункамі Беларусі, Польшчы, Украіны, Літвы, Латвіі і Расіі. Пры актыўным удзеле беларускіх спецыялістаў была распрацавана адзіная ўніфікаваная накладная Цім/СМГС, якая дазваляе ажыццяўляць перавозкі па адной накладной на ўсім шляху руху на прасторы «1520».

Асноўныя прыярытэты развіцця беларускай магістралі — мадэрнізацыя інфраструктуры, перш за ўсё, у рамках II-га і IX-га Агульнаеўрапейскіх транспартных калідораў, абнаўленне рухомага саставу, аптымізацыя кантролю перамяшчэння грузаў праз мяжу і скарачэнне тэрмінаў іх мытнага афармлення, укараненне сучасных інфармацыйных тэхналогій.

Беларуская чыгунка мае вялікі патэнцыял для забеспячэння і нарошчвання аб'ёмаў перавозак. Інфраструктура дарогі дазваляе штосутачна прымаць і адпраўляць па міждзяржаўных стыкавых пунктах больш за 160 пар цягнікоў.

Асаблівая ўвага надаецца развіццю перавозак спецыялізаванымі кантэйнернымі цягнікамі. За кошт аптымізацыі тэхналогіі пропуску маршрутная хуткасць асобных кантэйнерных цягнікоў у рамках II-га Агульнаеўрапейскага транспартнага калідора дасягае 1400 км/суткі, што з'яўляецца адным з лепшых паказчыкаў на сетцы дарог краін СНД і Балтыі.

Важная перавага чыгуначнага транспарту Беларусі — развітая тэрмінальная інфраструктура. На найбуйнейшых грузавых станцыях створаны сучасныя транспартна-лагістычныя цэнтры, развіваюцца інфармацыйныя сэрвісы.

Вялікае значэнне надаецца пераходу на электравозную цягу. У бягучым годзе БЧ завяршыла электрыфікацыю ўчастка Маладзечна—Гудагай—дзяржмяжа з Літоўскай Рэспублікай. У перспектыве да 2020 года — электрыфікацыя ўчастка Жлобін—Калінкавічы—Барбараў.

Для павышэння якасці абслугоўвання пасажыраў мадэрнізуюцца вакзальныя комплексы, укараняюцца сучасныя інфармацыйныя тэхналогіі.

З кожным годам узрастае роля Беларускай чыгункі ў забеспячэнні перавозак грузаў паміж краінамі Еўропы і Азіі. Дарога з'яўляецца надзейным і стабільным партнёрам на рынку транспартных паслуг, працягвае паступовае развіццё і рэалізацыю новых сумесных праектаў з іншымі чыгуначнымі адміністрацыямі.

27 снежня 2017 года Беларускай чыгунцы споўніцца 155 гадоў яшчэ адна слаўная вяха ў гісторыі сумеснай працы і ўпэўненага руху наперад.

Інфармацыя падрыхтавана прэс-цэнтрам БЧ

Да спісу навін за 2017 год