Вы выкарыстоўваеце састарэлы браўзэр. Каб карыстацца ўсімі магчымасцямі сайта, загрузіце і ўсталюйце адзін з гэтых браўзэраў:

БЕЛ

16 верасня Беларуская чыгунка адкрыла рух цягнікоў на электравознай цязе на ўчастку Маладзечна—Гудагай—Кяна

16 верасня 2017

16 верасня на станцыі Пруды адбылася цырымонія адкрыцця руху цягнікоў на электравознай цязе на ўчастку Маладзечна—Гудагай—Кяна.

У мерапрыемстве прынялі ўдзел намеснік Прэм'ер-міністра Рэспублікі Беларусь Анатоль Калінін, міністр транспарту і камунікацый Рэспублікі Беларусь Анатоль Сівак, Надзвычайны і Паўнамоцны Пасол Літоўскай Рэспублікі ў Рэспубліцы Беларусь Андрус Пулокас, Начальнік Беларускай чыгункі Уладзімір Марозаў, намеснік генеральнага дырэктара АТ «Літоўскія чыгункі» Герымантас Баканас, генеральны дырэктар Кітайскай кампаніі па экспарту і імпарту электраабсталявання (CUEС) Ван Цзыньсун, а таксама кіраўнікі тэрытарыяльных органаў дзяржаўнага кіравання, прадпрыемстваў сістэмы Мінэнерга і будаўнічых арганізацый Рэспублікі Беларусь.

З Беларусі ў Літву адправіўся першы грузавы цягнік, кіраваны электравозам БКГ1, з экспартнай прадукцыяй айчынных прадпрыемстваў.

Упершыню ў найноўшай гісторыі нашай краіны чыгуначнымі адміністрацыямі Беларусі і Літвы ажыццёўлены праект па электрыфікацыі чыгуначных ліній у міжнародных зносінах. Гэта сумесны вынік узгодненых дзеянняў на ўсіх этапах яго рэалізацыі.

Беларускай чыгункай электрыфікаваны ўчастак Маладзечна—Гудагай—дзяржмяжа працягласцю 84 км. АТ «Літоўскія чыгункі» электрыфікаваны ўчастак дзяржмяжа—Н.Вільня працягласцю 27 км.

Будаўніча-мантажныя работы былі пачаты ў верасні 2015 года. У цяперашні час электрыфікаваны ўчастак Маладзечна—Гудагай—дзяржмяжа ўведзены ў эксплуатацыю.

Усе работы выконваліся пры забеспячэнні бесперапыннага працэсу перавозак пасажыраў і грузаў.

Інвестыцыйны праект «Электрыфікацыя напрамкаў Маладзечна—Гудагай—дзяржмяжа» рэалізаваны Беларускай чыгункай у мэтах выканання Указа Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 18 снежня 2015 г. № 502 «Аб некаторых пытаннях электрыфікацыі ўчастка чыгункі».

Работы праводзіліся ў адпаведнасці з дамовай будаўнічага падраду, які быў заключаны паміж Беларускай чыгункай і Кітайскай кампаніяй па экспарту і імпарту электраабсталявання (CUEC). Кампаніяй CUEC ажыццяўлялася комплексная пастаўка абсталявання, была арганізавана работа субпадрадных арганізацый, выкананыя працэдуры метралагічнай паверкі вымяральнага абсталявання, праведзена навучанне персаналу эксплуатуючых арганізацый Беларускай чыгункі.

Фінансаванне аб'екта ажыццяўлялася за кошт крэдытных рэсурсаў Экспартна-імпартнага банка Кітая, а таксама ўласных сродкаў Беларускай чыгункі і інавацыйнага фонду Міністэрства транспарту і камунікацый Рэспублікі Беларусь.

У ходзе рэалізацыі праекта пабудаваны 2 цягавыя падстанцыі і 2 дзяжурных пункта кантактнай сеткі на станцыях Ашмяны і Пруды. Агульная працягласць ліній знешняга электразабеспячэння склала 83,4 км.

Эксплуатацыйная даўжыня двухкалейнага электрыфікаванага ўчастка — 84,25 км. Разгорнутая даўжыня кантактнай падвескі — 232,81 км.

Аб'ём выкананых работ склаў 72 млн долараў ЗША.

Асабліва важна адзначыць, што аб'ём аказаных паслуг, пастаўленага абсталявання і матэрыялаў беларускімі будаўнічымі арганізацыямі склаў 41 млн долараў ЗША або 57% ад агульнага аб'ёму выкананых работ.

Аб'ём будаўніча-мантажных работ, выкананых беларускімі прадпрыемствамі, у цэлым па аб'екце склаў 97%.

У правядзенні работ былі задзейнічаныя УП «Белтрансаўтаматыка», ГП «Інстытут «Белчыгунпраект», «Маладзечанская дыстанцыя сігналізацыі і сувязі, Маладзечанская дыстанцыя шляху, Мінская дыстанцыя электразабеспячэння, УП «Дарвадаканал», УП «Пуцявая машынная станцыя № 71», ААТ «Дарбудмантажтрэст».

Акрамя таго ў рэалізацыі праекта прымалі ўдзел спецыялізаваныя арганізацыі Рэспублікі Беларусь: ААТ «Захадэлектрасеткабуд», ААТ «Электрацэнтрмантаж», ПМК-3 ААТ «Белсельэлектрасеткабуд», ПБУП «ЧыгунТрансБуд» і інш.

З увядзеннем у эксплуатацыю электрыфікаванага ўчастка Маладзечна—Гудагай—дзяржмяжа доля перавазімых па электрыфікаваных участках Беларускай чыгункі грузаў, што перавозяцца па электрыфікаваных участках Беларускай чыгункі, узрасце з 40 да 60%.

Арганізацыя руху цягнікоў на электравознай цязе па кірунку Мінск—Вільнюс будзе спрыяць павышэнню канкурэнтаздольнасці Беларускай чыгункі на рынку транспартных паслуг, а таксама транзітнай прывабнасці Рэспублікі Беларусь.

Асноўнымі перавагамі праекта з'яўляецца эканамічная эфектыўнасць, памяншэнне экалагічнай нагрузкі на навакольнае асяроддзе, павышэнне якасці транспартнага абслугоўвання пасажыраў.

Эфектыўнасць праекта:

  • зніжэнне сабекошту перавозак на 10—15% у першую чаргу за кошт зніжэння спажывання паліўна-энергетычных рэсурсаў на цягу цягнікоў, а таксама за кошт скарачэння выдаткаў на тэхнічнае абслугоўванне і рамонт цягавага рухомага саставу і інш.;
  • зніжэнне выкіду забруджвальных рэчываў — не менш за 720 т у год або 3,9% ад аб'ёму выкідаў забруджвальных рэчываў рухомым саставам ў цэлым на Беларускай чыгунцы;
  • зніжэнне шумавой і вібрацыйнай нагрузкі ад эксплуатацыі цеплавозаў (ужыванне электрарухомага саставу дазволіць знізіць узровень шуму на 16,5%);
  • змяншэнне ўзроўню забруджвання прылеглых тэрыторый;
  • аптымізацыя пропуску грузавых цягнікоў, якія праходзяць на ўчастку Орша—Мінск—Маладзечна—Гудагай;
  • павелічэнне на 24% тэхнічнай і маршрутнай хуткасці руху грузавых і пасажырскіх цягнікоў;
  • выкарыстанне інавацыйнага рухомага саставу на электрыфікаваных участках павышае хуткасць і камфорт транспартных зносін, уплывае на эфектыўнасць эканамічных сувязяў і мабільнасць насельніцтва, скарачаецца час знаходжання ў дарозе, зніжаецца транспартная стомленасць пасажыраў.

Увод у эксплуатацыю электрыфікаванага ўчастка Маладзечна—Гудагай—дзяржмяжа дае магчымасць удасканальваць арганізацыю транспартнага абслугоўвання жыхароў Гродзенскага і Мінскага рэгіёнаў (гарадоў: Ашмяны, Смаргонь, Маладзечна, Заслаўе, Мінск і прылеглых да іх населеных пунктаў). З пачаткам курсіравання на дадзеным участку электрацягнікоў рэгіянальных ліній эканомкласа Беларуская чыгунка правядзе вывучэнне грамадскай думкі сярод пасажыраў па пытаннях арганізацыі іх транспартнага абслугоўвання. Вынікі апытання будуць прааналізаваны і выкарыстаны пры фарміраванні новага графіка руху цягнікоў на 2017/2018 год, які ўводзіцца на БЧ з 10 снежня 2017 года.

Таксама сумесна з АТ «Літоўскія чыгункі» будзе выпрацаваны далейшы план дзеянняў па арганізацыі міжнародных пасажырскіх зносін у напрамку Мінск—Вільнюс.

Інфармацыя падрыхтавана прэс-цэнтрам БЧ

Да спісу навін за 2017 год