Адзіны дзень пасажыра пройдзе 24 верасня на чыгуначных вакзалах ва ўсіх абласных цэнтрах, а таксама ў Баранавічах і Оршы
23 верасня 2015
Беларуская чыгунка працягвае новы фармат зносін з пасажырамі. На чыгуначных вакзалах у Мінску, Брэсце, Гродна, Гомелі, Магілёве, Віцебску, Баранавічах і Оршы 24 верасня пройдзе Адзіны дзень пасажыра. Ва ўсіх гарадах мерапрыемства адбудзецца ў адзін і той жа час — з 14.00 да 17.00.
Нагадваем, што Беларуская чыгунка ўвяла новы фармат зносін з пасажырамі — Адзіны дзень пасажыра — з мэтай вывучэння меркавання спажыўцоў транспартных паслуг, забеспячэння зваротнай сувязі. Правядзенне дадзенага мерапрыемства прадугледжана ў апошні чацвер 3-га месяца квартала на чыгуначных вакзалах пазакласных і першага класа: у Мінску, Брэсце, Гродна, Гомелі, Магілёве, Віцебску, Баранавічах, Оршы.
Да канца года Адзіны дзень пасажыра на Беларускай чыгунцы пройдзе таксама 24 снежня.
У правядзенні Адзінага дня пасажыра прымуць удзел кіраўнікі і спецыялісты пасажырскай службы Упраўлення Беларускай чыгункі, аддзяленняў дарогі, начальнікі станцый і вакзалаў.
Пасажыры змогуць задаваць спецыялістам беларускай магістралі пытанні ў вуснай і пісьмовай формах.
Месцы правядзення мерапрыемстваў на вакзалах будуць аформлены ў адзіным карпаратыўным стылі.
Звяртаем увагу на тое, што на афіцыйным Інтэрнэт-сайце www. rw.by Беларускай чыгункі размешчаны банэр і арганізавана апытанне грамадскай думкі па пытаннях удасканалення абслугоўвання пасажыраў.
У рамках правядзення Адзінага Дня пасажыра на вакзале станцыі Гомель-Пасажырскі адбудзецца ўрачыстая цырымонія ўручэння сертыфіката мільённаму пасажыру.
Мільённы Інтэрнэт-пасажыр 2015 здзейсніць паездку 24 верасня цягніком № 83 па маршруце Гомель—Магілёў. Перад адпраўленнем цягніка на вакзале станцыі Гомель мільённаму пасажыру будзе ўручаны сертыфікат, які пацвярджае яго статус, і памятны падарунак ад Беларускай чыгункі.
Інфармацыя падрыхтавана прэс-цэнтрам БЧ
Да спісу навін за 2015 год