Вы выкарыстоўваеце састарэлы браўзэр. Каб карыстацца ўсімі магчымасцямі сайта, загрузіце і ўсталюйце адзін з гэтых браўзэраў:

БЕЛ

Беларуская чыгунка пашырыла спіс станцый, дзе 22 жніўня адбудзецца акцыя «Стоп — няправільны крок!». Мерапрыемствы пройдуць на 117 станцыях і ахопяць ўсю рэспубліку

21 жніўня 2015

22 жніўня 2015 г. з 11.00 да 14.00 на 117 станцыях Беларускай чыгункі адначасова будуць працаваць сумесныя групы, у склад якіх увойдуць чыгуначнікі і супрацоўнікі міліцыі. Перад пачаткам новага навучальнага года школьнікам і дарослым нагадаюць аб правілах паводзін на аб'ектах чыгуначнага транспарту. З выяўленымі парушальнікамі правядуць тлумачальную працу. Акрамя кантролю за выкананнем правілаў бяспечных паводзін пасажырам раздадуць спецыяльна распрацаваныя памяткі «Бяспека на чыгуначным транспарце». Таксама на асобных станцыях маюць намер выкарыстоўваць крэатыўныя формы работы для прыцягнення дадатковай увагі.

Акцыя «Стоп — няправільны крок!» праводзіцца Беларускай чыгункай сумесна з галіновым і тэрытарыяльнымі камітэтамі ГА «БРСМ» і аддзеламі ўнутраных спраў на транспарце Міністэрства ўнутраных спраў Рэспублікі Беларусь. Яна накіравана на інфармаванне грамадзян аб правілах паводзін пры знаходжанні на аб'ектах чыгуначнага транспарту, зніжэнне колькасці парушэнняў правілаў пераходу чыгуначных шляхоў у неўсталяваных месцах і звязаных з гэтым выпадкам траўматызму, а таксама на прафілактыку правапарушэнняў сярод непаўналетніх.

 

З пачатку 2015 года на Беларускай чыгунцы пацярпела 93 чалавекі, 56 з іх — загінулі. У тым ліку траўмавана чацвёра непаўналетніх. Гэта менш, чым за аналагічны перыяд мінулага года, але праблема траўмавання і гібелі людзей на аб'ектах чыгуначнага транспарту застаецца вельмі актуальнай. Толькі за апошні тыдзень загінула 3 чалавекі, двое атрымалі траўмы, адбылося адно ДТЗ на чыгуначным пераездзе. Прычынамі трагедый сталі няўважлівасць, невыкананне мер асабістай бяспекі, а таксама адсутнасць належнага кантролю за дзецьмі з боку бацькоў.

Беларуская чыгунка заклікае насельніцтва не губляць пільнасць пры пераходзе чыгуначных шляхоў і знаходжанні на аб'ектах чыгуначнага транспарту, звяртаць увагу дзяцей і падлеткаў на безумоўнае выкананне правіл бяспекі.

 

Інфармацыя падрыхтавана прэс-цэнтрам БЧ

Да спісу навін за 2015 год