Вы выкарыстоўваеце састарэлы браўзэр. Каб карыстацца ўсімі магчымасцямі сайта, загрузіце і ўсталюйце адзін з гэтых браўзэраў:

БЕЛ

Беларуская чыгунка прадставіла кітайскім кампаніям свае транзітныя і лагістычныя магчымасці

10 ліпеня 2015

9 ліпеня ў Упраўленні Беларускай чыгункі прайшла канферэнцыя «Кітай–Беларусь: аптымальная транспартная лагістыка».

Канферэнцыя была арганізавана Беларускай чыгункай з удзелам Пасольства Кітайскай Народнай Рэспублікі ў Беларусі.

У працы канферэнцыі прынялі ўдзел кіраўнікі і спецыялісты Беларускай чыгункі, а таксама кітайскіх кампаній, якія зарэгістраваны ў нашай краіне.

 

З-за маштабнасці пачатага Кітаем транскантынентальнага праекта «Новага шаўковага шляху», Беларуская чыгунка зацікаўлена ў пашырэнні транспартнай сеткі ад Ціхага акіяна да Балтыйскага мора, стварэнні гандлёвага калідора для прамых паставак тавараў з усходу на захад і назад. «Беларусь фактычна злучае Еўразійскі эканамічны пояс і Еўрапейскі саюз. Таму наша краіна зможа стаць лагістычнай платформай новага эканамічнага пояса Шаўковага шляху», — адзначыў на канферэнцыі Начальнік Беларускай чыгункі Уладзімір Марозаў. Таксама ён падкрэсліў, што Беларуская чыгунка са сваёй развітой перагрузачнай і складской інфраструктурай гатова забяспечваць значна павялічаныя аб'ёмы транзіту і прапанаваць якасныя паслугі.

Саветнік па гандлёва-эканамічных пытаннях Пасольства Кітайскай Народнай Рэспублікі ў Рэспубліцы Беларусь ЛЮ Сюэсун падкрэсліў, што яго калегі, прысутныя на канферэнцыі, разглядаюць Беларусь, як цэнтр Еўропы, як плацдарм з краінамі Еўрасаюза і Заходняй Еўропы і выказаў упэўненасць, што арганізацыя такіх мерапрыемстваў прынясе канкрэтныя вынікі ў далейшым.

Увазе кітайскіх партнёраў былі прадстаўлены прэзентацыі транспартна-лагістычнага патэнцыялу Беларускай чыгункі ў забеспячэнні грузавых перавозак у зносінах з Кітаем. Сёння Беларуская чыгунка — лідэр нацыянальнай транспартнай сістэмы, якая забяспечвае каля 63% грузаабароту ўсіх відаў транспарту агульнага карыстання.

У зносінах з Кітаем у 2014 перавезена каля 3 млн тон грузаў, з іх больш за 80% - гэта экспарт беларускіх калійных угнаенняў праз парты Балтыйскага і Чорнага мораў. У якасці прыярытэту развіцця грузавых перавозак у зносінах з Кітаем Беларуская чыгунка разглядае павелічэнне аб'ёмаў грузаў у кантэйнерах паскоранымі цягнікамі. У цяперашні час у паведамленні Кітай–Заходняя Еўропа–Кітай па Беларускай чыгунцы курсіруе восем кантэйнерных цягнікоў у зносінах з Германіяй, Польшчай, Чэхіяй і Літвой.

Час руху маршрутных кантэйнерных цягнікоў па Беларускай чыгунцы ад станцыі Чырвонае (дзяржмяжа з Расіяй) да Брэста складае менш за 12 гадзін, маршрутная хуткасць дасягае 1400 км/суткі з мінімальнай стаянкай на станцыях. У выніку ўдасканалення тэхналогіі апрацоўкі арганізаваных цягнікоў з максімальным прымяненнем паралельнасці выканання тэхналагічных аперацый у Брэсцкім чыгуначным вузле скарочаны час апрацоўкі з 36 да 10 гадзін пры перагрузе і да 6 гадзін без перагруза.

Беларуская чыгунка гатова супрацоўнічаць на ўзаемавыгаднай аснове з усімі зацікаўленымі кампаніямі, якія ажыццяўляюць перавозкі грузаў у зносінах з Кітаем. У якасці гатовых рашэнняў можна назваць рэалізацыю шэрагу канкрэтных праектаў. Сярод іх — цягнік камбінаванага транспарту «Вікінг» — сумесны праект чыгунак Літвы, Украіны і Беларусі, стывідорных кампаній і партоў Клайпеда, Ільлічоўск і Адэса. Маршрут праходзіць праз Украіну, Беларусь і Літву і злучаецца ў партах краін з кантынентальнымі марскімі кантэйнернымі лініямі. Ва ўзаемадзеянні з літоўскімі партнёрамі беларуская магістраль забяспечвае перавозку грузаў паміж портам Клайпеда і Беларуссю ў складзе цягніка «Вікінг» за 36 гадзін.

Значнай для Беларускай чыгункі з'яўляецца арганізацыя перавозак кантэйнерным цягніком «ZUBR». Гэта сумесны праект чыгунак Латвіі, Эстоніі, Малдовы, Украіны і Беларусі, стывідорных кампаній і партоў Рыга, Талін, Ільлічоўск і Адэса. Адпраўка і прыбыццё кантэйнераў на фітынгавых платформах па тэхналогіі цягнікоў «Вікінг» і «ZUBR» магчыма з усіх грузавых станцый Беларускай чыгункі.

Для аптымізацыі лагістыкі грузавых перавозак з Кітая ў Беларусь неабходна шукаць зваротную загрузку. Падчас прэзентацыі першы намеснік начальніка службы грузавой працы і знешнеэканамічнай дзейнасці Упраўлення Беларускай чыгункі Аляксандр Яўсюк адзначыў: «Адным з рашэнняў дадзенай задачы для чыгуначнага транспарту з'яўляецца прадастаўленне бізнес-супольнасці канкурэнтаздольнай і запатрабаванай паслугі па арганізацыі перавозак імпартных грузаў у Кітай. У першую чаргу гэта маглі быць перавозкі беларускай прадукцыі малочнай прамысловасці (сухога малака і сывараткі), лёну. Ужо ў бліжэйшай перспектыве акрамя марскога варыянту транспарціроўкі праз парты краін Балтыі і Украіны ў якасці альтэрнатыўнага варыянту (з улікам патэнцыйных аб'ёмаў) можна будзе разглядаць сухапутны чыгуначны маршрут па новым Шаўковым шляху. З мэтай аптымізацыі лагістыкі транспарціроўкі асаблівае значэнне будзе мець арганізацыя курсіравання паскоранага кантэйнернага цягніка паміж Беларуссю і Кітаем».

На канферэнцыі былі прадстаўлены лагістычныя паслугі міжнароднага ўзроўню дзяржаўнага прадпрыемства «БЕЛІНТЭРТРАНС - транспартна-лагістычны цэнтр» Беларускай чыгункі (БТЛЦ). Па словах генеральнага дырэктара «БТЛЦ» Яўгена Усенкова, па папярэдніх дадзеных за 6 месяцаў 2015 транзітам па Беларускай чыгунцы ў зносінах з Кітаем перавезена 169 тысяч тон грузу. З іх прадпрыемствам праэкспедыявана каля 145.000 тон грузу, або 86%. Пры гэтым Яўген Усенка падкрэсліў, што бясспрэчнай перавагай «БТЛЦ» з'яўляецца статус аператара кантэйнерных цягнікоў. Па выніках 6 месяцаў бягучага года дадзенымі цягнікамі ў паведамленні Кітай–Заходняя Еўропа–Кітай было перавезена больш за 2400 кантэйнераў ДФЭ.

Транспартна-лагістычны сэрвіс «БТЛЦ» на нацыянальным і міжнародным рынку прадстаўлен яго філіяламі ва ўсіх абласных цэнтрах Рэспублікі Беларусь і прадстаўніцтвамі ў Германіі, Польшчы, Літве, Латвіі, Расіі і Кітаі. Праграма канферэнцыі прадугледжвала абмен думкамі. Па выніках кітайскія партнёры выказалі зацікаўленасць працягнуць супрацоўніцтва ў дадзеным фармаце. У бліжэйшы час Беларуская чыгунка плануе арганізаваць для прадстаўнікоў кітайскіх кампаній наведванне лагістычнага цэнтра «Калядзічы», які ўваходзіць у структуру дзяржаўнага прадпрыемства «БТЛЦ».

Лагістычны цэнтр «Калядзічы», з'яўляецца асноўным тэрміналам па перапрацоўцы буйнатанажных кантэйнераў, цяжкавагавых і тарна-адзінкавых грузаў. Тут ажыццяўляецца апрацоўка і перавалка грузаў у рэгіёны Беларусі, а таксама ў краіны СНД, Балтыі і далёкае замежжа з выкарыстаннем магчымасцяў чыгуначнага і аўтамабільнага транспарту.

Праца на тэрмінале арганізавана па тэхналогіі «сухога порта», дзе адзіны тэхналагічны працэс аб'ядноўвае склады, збудаванні дапаможнага прызначэння, аўтамабільныя і чыгуначныя пад'язныя шляхі, адкрытыя пляцоўкі для захоўвання кантэйнераў. Гэта значна пашырае магчымасці і спрашчае ажыццяўленне грузаперавозак для ўдзельнікаў знешнеэканамічнай дзейнасці, тэрытарыяльна размешчаных на значным выдаленні ад партоў, і дабратворна адбіваецца на функцыянаванні ўсёй транспартна-лагістычнай інфраструктуры.

 

Інфармацыя падрыхтавана прэс-цэнтрам БЧ

 

Да спісу навін за 2015 год