Вы выкарыстоўваеце састарэлы браўзэр. Каб карыстацца ўсімі магчымасцямі сайта, загрузіце і ўсталюйце адзін з гэтых браўзэраў:

БЕЛ

Беларуская чыгунка з 10 па 17 чэрвеня бягучага года будзе прымаць удзельнікаў і гасцей чэмпіянату Міжнароднага спартыўнага саюза чыгуначнікаў па валейболе

26 мая 2015

Чэмпіянат Міжнароднага спартыўнага саюза чыгуначнікаў (USIC) па валейболе сярод мужчынскіх каманд пройдзе ў Гомелі на базе Культурна-спартыўнага комплексу, на двух спартыўных пляцоўках Беларускай чыгункі.

У XVI Чэмпіянаце USIC прымуць удзел 12 каманд з Беларусі, Бельгіі, Балгарыі, Грэцыі, Германіі, Індыі, Казахстана, Расіі, Польшчы, Швейцарыі, Францыі, Чэхіі.

Напярэдадні спаборніцтваў у Віетрі-суль-Марэ (Італія) прайшла жараб'ёўка каманд. Спаборніцтвы будуць праходзіць у чатырох групах.

 

Усяго ў рамках чэмпіянату з 11 па 16 чэрвеня адбудзецца 28 гульняў. Ацэньваць узровень аматарскіх каманд будуць кваліфікаваныя арбітры міжнароднай катэгорыі.

Міжнародны чэмпіянат па валейболе, які мае адбыцца, стане яшчэ адной вехой у гісторыі развіцця спорту сярод чыгуначнікаў краін Еўропы і Азіі, надасць дадатковы аўтарытэт нашай краіне на міжнароднай арэне, павысіць яе турыстычную прывабнасць, будзе спрыяць павышэнню майстэрства спартсменаў, развіццю сяброўскіх кантактаў.

Акрамя стварэння камфортных умоў для правядзення гульняў, Беларуская чыгунка прадугледзела шырокую культурную праграму.

Увазе ўдзельнікаў спартыўнага форуму будуць прадстаўлены славутасці Гомеля і яго ваколіц. Беларускія чыгуначнікі ўпэўненыя, што ўсе ўдзельнікі і госці мерапрыемства атрымаюць самыя яркія ўражанні і захаваюць цёплыя ўспаміны аб знаходжанні ў Беларусі.

Вельмі сімвалічна, што чэмпіянат Міжнароднага саюза чыгуначнікаў па валейболе сярод мужчынскіх каманд пройдзе ў Гомелі, які можна назваць кузняй кадраў для многіх транспартных арганізацый, і ў першую чаргу для Беларускай чыгункі. У Гомелі знаходзяцца Беларускі дзяржаўны універсітэт транспарту, каледж і ліцэй чыгуначнага транспарту.

ДАВЕДАЧНА:

Міжнародны спартыўны саюз чыгуначнікаў (USIC) створаны ў 1946 годзе. Яго членамі з'яўляюцца спартыўныя арганізацыі чыгуначнікаў 24 краін Еўропы і Азіі.

Беларуская чыгунка уваходзіць у склад USIC з 2000 года і прымае актыўны ўдзел у спартыўным жыцці гэтай міжнароднай арганізацыі. За гады сяброўства ў USIC зборныя каманды Беларускай чыгункі паспяхова выступілі ў спартыўных спаборніцтвах па футболе, міні-футболе, стральбе, валейболе, вялікаму і настольным тэнісе, лыжных гонках, боўлінгу, шахматах.

Беларуская чыгунка ў другі раз прымае ў сябе Чэмпіянат USIC. У 1983 годзе на базе спартыўнага комплексу ў Магілёве адбыўся VII Чэмпіянат USIC па валейболе. Цяперашнія спаборніцтвы прымеркаваны да 70-годдзя Перамогі савецкага народа ў Вялікай Айчыннай вайне і праводзяцца ў рамках мерапрыемстваў Года моладзі, абвешчанага ў Рэспубліцы Беларусь.

Спартыўныя спаборніцтвы, якія праводзяцца пад эгідай USIC, маюць вялікую гісторыю і займаюць значнае месца ў міжнародным спартыўным руху. У цяперашні час чэмпіянаты USIC праводзяцца па 21 відзе спорту. Адным з самых папулярных відаў спорту ў нацыянальных арганізацыях USIC з'яўляецца валейбол.

Дзяржавы-члены USIC: Аўстрыя, Азербайджан, Беларусь, Бельгія, Балгарыя, Чэхія, Данія, Фінляндыя, Францыя, Германія, Вялікабрытанія, Грэцыя, Індыя, Ірландыя, Італія, Казахстан, Люксембург, Нідэрланды, Нарвегія, Польшча, Партугалія, Расія, Славакія і Швейцарыя.

 

Інфармацыя падрыхтавана прэс-цэнтрам БЧ

Да спісу навін за 2015 год