Вы выкарыстоўваеце састарэлы браўзэр. Каб карыстацца ўсімі магчымасцямі сайта, загрузіце і ўсталюйце адзін з гэтых браўзэраў:

БЕЛ

Беларуская чыгунка стане арганізатарам правядзення Чэмпіянату Міжнароднага спартыўнага саюза чыгуначнікаў па валейболе сярод мужчынскіх каманд, які пройдзе ў чэрвені ў г. Гомелі

27 студзеня 2015

Беларуская чыгунка з 10 па 17 чэрвеня бягучага года будзе прымаць удзельнікаў і гасцей Чэмпіянату Міжнароднага спартыўнага саюза чыгуначнікаў па валейболе. Спаборніцтвы прымеркаваны да 70-годдзя Перамогі савецкага народа ў Вялікай Айчыннай вайне і праводзяцца ў рамках мерапрыемстваў Года моладзі, абвешчанага ў Рэспубліцы Беларусь.

Міжнародны спартыўны саюз чыгуначнікаў (МССЧ) створаны ў 1946 годзе. Яго членамі з'яўляюцца спартыўныя арганізацыі чыгуначнікаў 24 краін Еўропы і Азіі.

Спартыўныя спаборніцтвы, якія праводзяцца пад эгідай МССЧ, маюць вялікую гісторыю і займаюць значнае месца ў міжнародным спартыўным руху. У цяперашні час чэмпіянаты МССЧ праводзяцца па 21 вiдзе спорту.

 

Беларуская чыгунка уваходзіць у склад МССЧ з 2000 года і прымае актыўны ўдзел у спартыўным жыцці гэтай міжнароднай арганізацыі. За гады сяброўства ў МССЧ зборныя каманды Беларускай чыгункі паспяхова выступілі ў спартыўных спаборніцтвах па футболе, міні-футболе, стральбе, валейболе, вялікiм і настольным тэнісе, лыжных гонках, боўлінгу, шахматах.

Адным з самых папулярных відаў спорту ў нацыянальных арганізацыях МССЧ з'яўляецца валейбол.

Маючы адбыцца міжнародны чэмпіянат па валейболе стане яшчэ адной вяхой у гісторыі развіцця спорту сярод чыгуначнікаў краін Еўропы і Азіі, надасць дадатковы аўтарытэт нашай краіне на міжнароднай арэне, павысіць яе турыстычную прывабнасць, будзе спрыяць павышэнню майстэрства спартсменаў, развіццю сяброўскіх кантактаў.

Удзел у Чэмпіянаце Міжнароднага саюза чыгуначнікаў па валейболе сярод мужчынскіх каманд ужо пацвердзілі 10 каманд з Расіі, Чэхіі, Бельгіі, Германіі, Швейцарыі, Францыі, Балгарыі, Грэцыі, Індыі, Беларусі.

Спаборніцтвы будуць праходзіць у Гомелі на базе ўніверсальнага спартыўнага зала па гульнявых відах спорту Беларускай чыгункі. Сучасны спартыўны цэнтр прадугледжаны для правядзення як рэспубліканскіх, так і міжнародных спаборніцтваў па валейболе, баскетболе і міні-футболе. Зал мае плошчу больш за 7000 квадратных метраў і разлічаны на 750 гледачоў. Ён абсталяваны зручнымі раздзявалкамі і гардэробам. У будынку ёсць памяшканне для прэс-цэнтра, пакоі для трэнераў, кабінет допінг-кантролю. Тэхнічныя памяшканні абліцаваны гукаізалюючымі матэрыяламі, ўстаноўлена энергазберагальная сістэма вентыляцыі. Спартыўны цэнтр мае сучасны трэнажорны зал, у якім устаноўлены розныя спартыўныя прылады, велатрэнажоры, бегавая дарожка. Да паслуг наведвальнікаў — сауна, ўтульнае кафэ.

Вельмі сімвалічна, што Чэмпіянат Міжнароднага саюза чыгуначнікаў па валейболе сярод мужчынскіх каманд пройдзе ў Гомелі. Горад Гомель можна назваць кузняй кадраў для многіх транспартных арганізацый, і ў першую чаргу для Беларускай чыгункі. У Гомелі знаходзяцца Беларускі дзяржаўны універсітэт транспарту, гомельскі дзяржаўны каледж і ліцэй чыгуначнага транспарту.

Беларускія чыгуначнікі працягваюць працу па падрыхтоўцы чэмпіянату і ўпэўнены, што ўсе ўдзельнікі і госці мерапрыемства атрымаюць самыя яркія ўражанні і захаваюць цёплыя ўспаміны аб знаходжанні ў Беларусі.

Для даведкi:

Дзяржавы-члены МССЧ: Аўстрыя, Азербайджан, Беларусь, Бельгія, Балгарыя, Чэхія, Данія, Фінляндыя, Францыя, Германія, Вялікабрытанія, Грэцыя, Індыя, Ірландыя, Італія, Казахстан, Люксембург, Нідэрланды, Нарвегія, Польшча, Партугалія, Расія, Славакія і Швейцарыя.

 

Інфармацыя падрыхтавана прэс-цэнтрам БЧ

Да спісу навін за 2015 год