Вы выкарыстоўваеце састарэлы браўзэр. Каб карыстацца ўсімі магчымасцямі сайта, загрузіце і ўсталюйце адзін з гэтых браўзэраў:

БЕЛ

Беларуская чыгунка атрымала 160 тыс. еўра міжнароднай тэхнічнай дапамогі на ўстаноўку тэрміналаў стандарту GSM-R на лакаматывы, якія курсiруюць па маршруце Мінск—Вільнюс

14 студзеня 2015

Тэхнічная дапамога прадастаўлена Еўрасаюзам у рамках рэалізацыі праекта «Паляпшэнне экспрэсных пасажырскіх зносін паміж Вільнюсам і Мінскам» Праграмы трансгранічнага супрацоўніцтва «Літва—Латвія—Беларусь» 2007-2013 Еўрапейскага інструмента добрасуседства і партнёрства.

Атрыманыя ад ЕС сродкі накіраваны на набыццё і ўстаноўку на лакаматывах тэрміналаў GSM-R. Абсталяванне вырабіць беларускае ААТ «АГАТ-СІСТЭМ», з якім Беларуская чыгунка ў кастрычніку 2014 заключыла адпаведны кантракт.

 

Плануецца, што лакаматыўныя тэрміналы, якія падтрымліваюць дзеючы ў краінах ЕС стандарт радыёсувязі GSM-R, будуць устаноўлены на 34 лакаматывы ў I паўгоддзі 2015 года. Гэты рухомы састаў будзе забяспечваць перавозкі пасажыраў у зносінах Мінск—Вільнюс.

Стандарт радыёсувязі GSM-R распрацаваны спецыяльна для прымянення на чыгуначным транспарце. Абсталяванне лакаматываў БЧ тэрміналамі стандарту GSM-R дазволіць забяспечыць якасную няспынную сувязь машыністаў з цягніковымі дыспетчарамі і дзяжурнымі па станцыях на тэрыторыі Літвы, павысіць бяспеку пасажырскіх перавозак.

Нагадваем, у снежні 2013 Беларуская чыгунка, Міністэрства транспарту і камунікацый Літвы і АТ «Літоўскія чыгункі» падпісалі пагадненне аб партнёрстве ў рамках праекта «Паляпшэнне экспрэсных пасажырскіх зносін паміж Вільнюсам і Мінскам». Дакументам былі ўсталяваныя працэдурныя правілы ажыццяўлення запланаваных сумесных дзеянняў па яго рэалізацыі.

Беларускія і літоўскія чыгуначнікі ў 2010 годзе пачалі рэалізацыю сумеснага праекта па арганізацыі хуткасных пасажырскiх зносiн паміж Мiнскам і Вільнюсам. У 2011 годзе быў рэалізаваны I этап гэтага праекта, што дало магчымасць скараціць час у шляху паміж двума сталіцамі з 4 да 3 гадзін. Вынікам II этапу стала скарачэнне з 1 чэрвеня 2013 года часу руху цягнікоў паміж Мінскам і Вільнюсам да 2,5 гадзін. У цяперашні час рэалізуюцца мерапрыемствы III этапу праекта.

 

Інфармацыя падрыхтавана прэс-цэнтрам БЧ

Да спісу навін за 2015 год