Вы выкарыстоўваеце састарэлы браўзэр. Каб карыстацца ўсімі магчымасцямі сайта, загрузіце і ўсталюйце адзін з гэтых браўзэраў:

БЕЛ

Трэці злёт машыністаў Беларускай чыгункі пачне сваю работу 12 лістапада ў Мінску

11 лістапада 2014

Трэці злёт машыністаў пройдзе 12—14 лістапада ў пяці гарадах Беларусі — Мiнску, Баранавічах, Брэсце, Гомелі, Віцебску. У злёце прымуць удзел больш за 250 чалавек. Будуць прадстаўлены ўсе 17 лакаматыўных дэпо беларускай магістралі.

12 лістапада ў Мінску ў Палацы культуры і спорту чыгуначнікаў адбудзецца ўрачыстае адкрыццё Трэцяга злёту машыністаў з удзелам Начальніка Беларускай чыгункі.

У другі дзень, 13 лістапада, пройдуць пасяджэнні пяці рабочых груп злёту з выездам на прадпрыемствы Беларускай чыгункі — лакаматыўнае дэпо Мінск, лакаматыўнае дэпо Баранавічы, станцыя Брэст-Цэнтральны, лакаматыўнае дэпо Гомель, лакаматыўнае дэпо Віцебск. У ходзе пасяджэння рабочых груп будзе абмяркоўвацца шэраг пытанняў, актуальных не толькі для развіцця лакаматыўнай гаспадаркі, але і Беларускай чыгункі ў цэлым.

 

Так, вынікам работы першай групы ў лакаматыўным дэпо Мінск павінна стаць выпрацоўка прапаноў па ўдасканаленні арганізацыі руху цягнікоў і манеўровай працы, эканоміі паліўна-энергетычных рэсурсаў.

Другая група накіруецца ў лакаматыўнае дэпо Баранавічы. Там пойдзе гаворка пра паляпшэнне тэхнічнага стану лакаматыўнага і маторвагоннага парку чыгункі.

Трэцяя група будзе працаваць у Брэсце. Галоўнай тэмай абмеркавання будзе бяспека руху цягнікоў і павышэнне адказнасці лакаматыўных брыгад ў забеспячэнні перавозачнага працэсу.

Чацвёртая група ў лакаматыўным дэпо Гомель абмяркуе пытанні ўдасканалення аплаты працы, сацыяльнай падтрымкі, падрыхтоўкі кадраў і псіхалагічнага суправаджэння іх прафесійнай дзейнасці.

Пятая група адправіцца ў лакаматыўнае дэпо Віцебск. У сферы яе ўвагі будзе развіццё інфраструктуры, паляпшэнне аховы працы і здароўя прадстаўнікоў лакаматыўных брыгад.

Вынікам абмеркаванняў гэтых пытанняў ва ўсіх працоўных групах стануць канкрэтныя рашэнні.

Завершыцца Трэці злёт машыністаў 14 лістапада ў Гомелі ў Палацы культуры чыгуначнікаў. Праграма трэцяга дня злёту таксама будзе насычанай. Прадугледжана выступленне прадстаўнікоў ад кожнай рабочай групы, дэлегатаў злёту. Прысутныя выслухаюць прапановы па вырашэннi пытанняў, выпрацаваных рабочымі групамі, будзе прыняты выніковы дакумент. Таксама пройдзе ўрачыстае ўзнагароджанне ўдзельнікаў Трэцяга злёту машыністаў нагруднымі знакамі «За безаварыйны прабег на лакаматыве 1 000 000 км» і «За безаварыйны прабег на лакаматыве 500 000 км».

У цяперашні час на Беларускай чыгунцы працуюць каля 3,6 тыс. машыністаў і больш за 2,6 тыс. памочнікаў машыніста, якія абслугоўваюць больш за 1 тыс. адзінак цягавага рухомага саставу.

 

Інфармацыя падрыхтавана прэс-цэнтрам БЧ

Да спісу навін за 2014 год