Вы выкарыстоўваеце састарэлы браўзэр. Каб карыстацца ўсімі магчымасцямі сайта, загрузіце і ўсталюйце адзін з гэтых браўзэраў:

БЕЛ

Беларуская чыгунка аб'яўляе спецыяльны прыз за асвятленне Трэцяга злёту машыністаў і работы лакаматыўных брыгад

14 жніўня 2014

Спецыяльны прыз заснаваны ў рамках правядзення конкурсу на лепшае асвятленне дзейнасці Беларускай чыгункі ў СМІ і будзе ўручацца ў такіх групах як друкаваныя выданні, тэле- і радыёпраграмы, фотарэпартажы.

Прэтэндаваць на спецыяльны прыз могуць працы на наступныя тэмы: правядзенне ў кастрычніку бягучага года Трэцяга злёту машыністаў; асаблівасці работы машыністаў і лакаматыўных брыгад, іх роля ў забеспячэнні перавозачнага працэсу і яго бяспекі; ўдасканаленне умоў працы машыністаў на БЧ.

Ухваляюцца аналітычныя, творчыя матэрыялы. Беларуская чыгунка акажа неабходнае садзейнічанне і падтрымку журналістам пры іх падрыхтоўцы.

Трэці злёт машыністаў ў бягучым годзе пройдзе ў новым фармаце ў пяці гарадах Беларусі: Мінску, Баранавічах, Брэсце, Віцебску і Гомелі. Прадстаўнікам СМІ, у тым ліку рэгіянальных, будзе дадзена магчымасць прысутнічаць на пасяджэннях рабочых груп і іншых мерапрыемствах злёту.

 

Акрамя таго, толькі для матэрыялаў на гэтую тэму прадоўжаны тэрмін прыёму на конкурс. Працы, прысвечаныя Трэцяму злёту машыністаў і лакаматыўнай брыгады, могуць быць апублікаваны ў друкаваных СМІ, размешчаны ў Інтэрнэце або выпушчаны ў эфір у перыяд з 1 студзеня па 31 кастрычніка бягучага года. Заяўкі ад прэтэндэнтаў на спецыяльны прыз прымаюцца ў пісьмовым выглядзе да 7 лістапада ўключна і накіроўваюцца на адрас: 220030, г. Мінск, вул. Леніна, 17, Упраўленне Беларускай чыгункі, аддзел ідэалогіі і сацыяльна-культурнай працы.

Дадатковую інфармацыю аб конкурсе можна атрымаць па тэлефонах (+37517) 225-04-41, 225-05-30, 225-96-12.

Трэці злёт машыністаў пройдзе ў другой дэкадзе кастрычніка гэтага года ў новым фармаце. Чакаецца, што ў злёце прымуць удзел каля 270 чалавек. Будуць прадстаўлены ўсе 17 лакаматыўных дэпо беларускай магістралі. Таксама ў лік удзельнікаў ўвойдуць начальнікі лакаматыўных дэпо і іх намеснікі па эксплуатацыі, машыністы-інструктары лакаматыўных брыгад, старшыні прафсаюзных камітэтаў, псіхолагі.

Абмеркаванне пытанняў злёту будзе арганізавана ў пяці рабочых групах. Кіраўнікамі груп стануць намеснікі Начальніка Беларускай чыгункі, галоўны інжынер і галоўны рэвізор па бяспецы руху цягнікоў. У працы груп прымуць удзел кіраўнікі структурных падраздзяленняў Упраўлення і аддзяленняў чыгункі, у кампетэнцыі якіх знаходзіцца тое ці іншае пытанне, якое абмяркоўваецца.

Першы дзень злёту — прыбыццё ў Мінск і рэгістрацыя дэлегатаў у сталічным Палацы культуры і спорту чыгуначнікаў. Тут адбудзецца ўрачыстае адкрыццё з удзелам Начальніка Беларускай чыгункі. Прагучаць справаздачы аб выкананні рашэнняў Другога злёту машыністаў. Затым дэлегаты і ўдзельнікі рабочых груп адправяцца на прадпрыемствы Беларускай магістралі, на базе якіх на другі дзень злёту пройдуць пасяджэнні рабочых груп.

Першая з іх у лакаматыўным дэпо Мінск абмяркуе пытанні арганізацыі руху цягнікоў і манеўровай работы, аптымізацыі графіка руху цягнікоў, парушэнні рэжымаў працы, узаемадзеянне лакаматыўных брыгад з дыспетчарскім апаратам і датычнымі работнікамі сумежных службаў, якія непасрэдна ўдзельнічаюць у арганізацыі руху цягнікоў. Таксама ў цэнтры ўвагі будзе эканомія паліўна-энергетычных рэсурсаў на цягу цягнікоў.

Другая група накіруецца ў лакаматыўнае дэпо Баранавічы. Там пойдзе гаворка пра абнаўленне і паляпшэнне тэхнічнага стану лакаматыўнага і маторвагоннага паркаў чыгункі, а таксама пра перспектывы развіцця лакаматыўнай цягі.

Трэцяя група будзе працаваць у лакаматыўным дэпо Брэст. Галоўная ўвага будзе засяроджана на бяспецы руху цягнікоў, ролі і адказнасці лакаматыўных брыгад ў забеспячэнні перавозачнага працэсу. Размова таксама пойдзе аб павышэнні значнасці машыністаў ў забеспячэнні бяспекі руху.

Чацвёртая група ў лакаматыўным дэпо Гомель абмяркуе аспекты абнаўлення інфраструктуры Беларускай чыгункі, падрыхтоўкі кадраў і псіхалагічнага суправаджэння прафесійнай дзейнасці лакаматыўных брыгад.

Пятая група адправіцца ў лакаматыўнае дэпо Віцебск. У сферы яе ўвагі будуць пытанні ўдасканалення аплаты працы і паляпшэння медыцынскага забеспячэння вытворчай дзейнасці лакаматыўных брыгад. Закрануць вырашэнне сацыяльных пытанняў.

Мяркуецца, што вынікам абмеркаванняў ва ўсіх рабочых групах стануць канкрэтныя рашэнні.

Пасля заканчэння пасяджэнняў прадугледжана наведванне прадпрыемстваў чыгуначнага вузла.

Завершыцца Трэці злёт машыністаў ў Гомелі ў Палацы культуры чыгуначнікаў. Праграма трэцяга дня злёту таксама будзе насычанай. Прадугледжана выступленне прадстаўнікоў ад кожнай рабочай групы, дэлегатаў злёту, а пры неабходнасці - кіраўнікоў службаў і арганізацый магістралі. Прысутныя выслухаюць прапановы па вырашэннi пытанняў, выпрацаваных рабочымі групамі, будзе прыняты выніковы дакумент.

Таксама пройдзе ўрачыстае ўзнагароджанне ўдзельнікаў Трэцяга злёту машыністаў галіновымі ўзнагародамі.

Сёння на Беларускай чыгунцы працуюць каля 3,6 тыс. машыністаў і больш за 2,6 тыс. памочнікаў машыніста, якія абслугоўваюць больш за 1 тыс. адзінак цягавага рухомага саставу.

 

Інфармацыя падрыхтавана прэс-цэнтрам БЧ

Да спісу навін за 2014 год