Вы выкарыстоўваеце састарэлы браўзэр. Каб карыстацца ўсімі магчымасцямі сайта, загрузіце і ўсталюйце адзін з гэтых браўзэраў:

БЕЛ

Сустрэча кіраўнікоў Беларускай і Латвійскай чыгунак прайшла 15 ліпеня ў Мiнску

15 ліпеня 2014

Бакі абмеркавалі вынікі сумеснай работы па перавозцы грузаў у зносінах Беларусь-Латвія-Беларусь за 2013 і за пяць месяцаў бягучага года, у тым ліку кантэйнернымі цягнікамі, перспектывы іх павелічэння, а таксама вынікі арганізацыі пасажырскіх перавозак паміж краінамі і перспектывы іх развіцця.

Таксама Начальнік Беларускай чыгункі Уладзімір Марозаў і Прэзідэнт ДАТ «Латвійская чыгунка» Угіс Магонiс абмеркавалі пытанні арганізацыі перавозак грузаў і пасажыраў, супрацоўніцтва ў галіне электрыфікацыі напрамку Полацк — Даўгаўпілс і шэраг іншых пытанняў.

Латвійская чыгунка — адзін з найважнейшых партнёраў Беларусі ў сферы міжнародных грузавых перавозак. Па Беларускай чыгунцы за 5 месяцаў 2014 перавозкі грузаў ва ўсіх відах зносiн Беларусь-Латвія (уключаючы транзіт з Расіі, Казахстана і г. д. у парты Латвіі і ў зваротным кірунку) склалі 13,9 млн. тон, або 114,4% да аналагічнага перыяду 2013 года.

 

Адным з прыкладаў эфектыўнага супрацоўніцтва па прыцягненнi дадатковага патоку грузаў з'яўляецца рэалізацыя сумеснага праекта чыгуначных адміністрацый Латвіі, Эстоніі, Беларусі і Украіны па перавозцы грузаў кантэйнерным цягніком «ZUBR». Маршрут дазволіў злучыць парты Латвіі, Эстоніі з партамі Чорнага мора. У 2012 годзе да праекта далучылася Малдова. Бакі таксама абмеркавалі стан перавозак грузаў кантэйнерным цягніком «ZUBR», які курсіруе з 2009 года. У 2014 годзе назіраецца павелічэнне гэтых перавозак: за 5 месяцаў 2014 перавезена 3026 кантэйнераў у ДФЭ, або 123,4% да аналагічнага перыяду 2013 года.

Прыкметна вырас аб'ём пасажырскіх перавозак паміж Беларуссю і Латвіяй. За 5 месяцаў 2014 года ў зносінах Мінск-Рыга перавезена 12,7 тыс. пасажыраў, што на 1,5 тыс. пасажыраў больш у параўнанні з аналагічным перыядам 2013 года. Максімальны рост пасажырапатоку адзначаны ў маі (18%), у сувязі з правядзеннем у г. Мінску чэмпіянату свету па хакеі. Акрамя таго, прыцягненню дадатковага пасажырапатоку спрыяла прымяненне сумесных маркетынгавых прапаноў бакоў. Так, з 25 красавіка 2013 года ў міжнародных зносінах Латвія-Беларусь рэалізаваны продаж праязных дакументаў праз Інтэрнэт з электроннай рэгістрацыяй пасажыраў. З 1 верасня 2013 года для плацкартных вагонаў цягніка № 88/87 Рыга-Мінск прымяняюцца дыферэнцыраваныя тарыфы ў залежнасці ад размяшчэння месцаў у вагоне. З 1 студзеня 2014 года ў міжнародных зносінах з Рэспублікай Беларусь прымяняецца сістэма гiбкага рэгулявання тарыфаў на перавозку пасажыраў па каляндарных перыядах.

Яшчэ адзін напрамак супрацоўніцтва — развіццё інфраструктуры чыгуначных участкаў забяспечваюць міжнародныя перавозкі. У мэтах павелічэння прапускной здольнасці стратэгічна важнага беларуска-латвійскага чыгуначнага напрамку Беларуская чыгунка вядзе паэтапную рэалізацыю праекта «Развіццё ўчастка Полацк-Дзяржмяжа з Латвіяй і прылеглых да станцыі Полацк перагонаў». Сумесна з латвійскімі партнёрамі ўжо завершана будаўніцтва другога пуцi на памежным перагоне Бігосава-Індра. Гэта дазваляе прапускаць на гэтым кірунку да 35 пар цягнікоў суткі.

Зараз заканчваецца праектаванне 4-й чаргi гэтага праекта, якая прадугледжвае будаўніцтва другога пуцi на перагоне Полацк-Рапнянская. Акрамя таго, беларуская магістраль працягвае работы па развіцці чыгуначнага пункта пропуску Бігосава. Гэтая работа — частка рэалізацыі Праграмы развіцця чыгуначных пунктаў пропуску на Дзяржаўнай мяжы Беларусі на 2007-2020 гады.

Што датычыцца далейшых перспектыў развіцця інфраструктуры ўчастка — гэта захаванне і павышэнне прывабнасці беларуска-латвійскага напрамку пры перавозцы транзітных грузаў з Расіі і Казахстана. У прыватнасці, за кошт магчымай электрыфікацыі напрамку Смаленск-Віцебск-Полацк-Даўгаўпілс-Рыга.

Бакі канстатавалі, што Беларускай і Латвійскай чыгункамі зроблена ўсё неабходнае для забеспячэння бесперабойнай перадачы грузаў па стыку Полацк-Бігосава ва ўмовах увядзення з 1 кастрычніка 2014 г. абавязковага папярэдняга інфармавання мытных органаў Рэспублікі Беларусь аб таварах, што перамяшчаюцца на адзіную мытную тэрыторыю чыгуначным транспартам.

 

Інфармацыя падрыхтавана прэс-цэнтрам БЧ

Да спісу навін за 2014 год