Вы выкарыстоўваеце састарэлы браўзэр. Каб карыстацца ўсімі магчымасцямі сайта, загрузіце і ўсталюйце адзін з гэтых браўзэраў:

БЕЛ

Беларуская чыгунка прыме ўдзел у Міжнародным дні бяспекі на чыгуначных пераездах

02 чэрвеня 2014

3 чэрвеня 2014 Міжнародным саюзам чыгунак сумесна з камісіяй Еўрапейскага саюза і Еўрапейскай эканамічнай камісіяй ААН абвешчана Міжнародным днём бяспекі на чыгуначных пераездах. У гэтым годзе кампанія праходзіць пад дэвізам «Самы важны прыпынак дня».

Беларуская чыгунка прымае актыўны ўдзел у Міжнародным днi бяспекі на чыгуначных пераездах. Магістраль праводзіць шэраг мерапрыемстваў, накіраваных на папярэджанне няшчасных выпадкаў на пераездах. У гэты дзень у кожным раёне, дзе ёсць чыгуначныя пераезды, як мінімум на адным з іх будзе арганізавана дзяжурства з удзелам работнікаў дыстанцый пуцi Беларускай чыгункі і ДАІ. Яны будуць праводзіць інструктажы з машыншстамі і ўручаць ім памяткі аб бяспецы руху на чыгуначных пераездах. Будуць фіксавацца ўсе выпадкі парушэнняў вадзіцелямі транспартных сродкаў правілаў праезду праз чыгуначныя пераезды. Дадаткова правераць і тэхнічны стан саміх пераездаў на адпаведнасць іх абсталявання патрабаванням стандартаў, нормаў і правілаў.

 

На сённяшні дзень на Беларускай чыгунцы эксплуатуецца 1390 чыгуначных пераездаў агульнага карыстання, у тым ліку — 82 з дзяжурным работнікам. Большасць пераездаў абсталяваны аўтаматычнай святлафорнай сігналізацыяй, шлагбаўмамi, электрычным асвятленнем. На падыходах да іх з боку аўтадарогі устаноўлены папераджальныя знакі. Таксама ідзе пастаянная работа з мясцовымі ўладамі па закрыцці маладзейных чыгуначных пераездаў. З 2001 года было зачынена больш за 50, у тым ліку 6 — у мінулым годзе.

За першыя чатыры месяцы 2014 на Беларускай чыгунцы дапушчана 7 выпадкаў дарожна-транспартных здарэнняў, у якіх былі траўмаваныя 4 чалавекі, адзін з іх загінуў. Асноўнай прычынай ДТЗ на чыгуначных пераездах з'яўляецца парушэнне Правілаў дарожнага руху з боку вадзiцеляў аўтатранспартных сродкаў. Штогод вядзецца праца, накіраваная на прыцягненне ўвагі вадзіцеляў і пешаходаў, у тым ліку моладзі, да выканання правілаў бяспечных паводзін на пераездах .

Для даведкi: Упершыню Міжнародны дзень бяспекі на чыгуначных пераездах быў праведзены ў 2009 годзе. Ён быў заснаваны па ініцыятыве Міжнароднага саюза чыгунак, Еўрапейскага форуму пераездаў, Супольнасці еўрапейскіх чыгунак і інфраструктурных кампаній, Еўрапейскага савета па транспартнай бяспецы. У 2013 годзе міжнародная акцыя прайшла ў 45 краінах свету. Прычынай павышанай увагі да праблемы стала трывожная статыстыка: занадта вялікая колькасць людзей гіне ці атрымлівае калецтва на чыгуначных пераездах. У агульным ліку няшчасных выпадкаў са смяротным канцом на чыгунках, паводле звестак па краінах Еўропы, доля здарэнняў на пераездах складае 28%.

 

Інфармацыя падрыхтавана прэс-цэнтрам БЧ

Да спісу навін за 2014 год