Вы выкарыстоўваеце састарэлы браўзэр. Каб карыстацца ўсімі магчымасцямі сайта, загрузіце і ўсталюйце адзін з гэтых браўзэраў:

БЕЛ

Беларуская чыгунка і кампанія «Stadler Bussnang AG» абмеркавалі пытанні далейшага супрацоўніцтва на перамовах у Мінску

29 студзеня 2014

Перамовы прадстаўнікоў Беларускай чыгункі і кампаніі «Stadler Bussnang AG» прайшлі ў Мінску 21—24 студзеня.

Удзельнікі перамоў абмеркавалі пытанні распрацоўкі, вырабу, а таксама пастаўкі на Беларускую чыгунку сучасных электрацягнікоў. Па выніках былі падпісаны 4 пратаколы, якія рэгламентуюць далейшыя дзеянні бакоў па рэалізацыі сумесных праектаў.

У тым ліку было разгледжана выкананне праграмы прыёмачных выпрабаванняў электрацягнікоў пяцівагоннай састаўнасці рэгіянальных ліній бізнес-класа, першыя з якіх паступілі на Беларускую чыгунку ў канцы мінулага года. Бакі таксама прапрацавалі пытанні пастаўкі ў 2015 годзе чарговай партыі чатырохвагонных электрацягнікоў для гарадскіх ліній. Беларуская чыгунка плануе закупіць 5 такіх цягнікоў, з якіх 2 будуць курсіраваць па маршруце Мінск—Смалявічы і 3 — па маршруце Мiнск—Нацыянальны аэрапорт Мінск. У параўнанні з ужо курсіруючымi па Беларускай чыгунцы электрацягнікамі гарадскіх ліній новы рухомы састаў будзе адрознівацца больш прасторнымі салонамі (шырыня кузава павялічыцца з 3200 мм да 3480 мм).

 

Асобная ўвага была ўдзелена абмеркаванню пытанняў пастаўкі сямiвагонных электрацягнікоў для міжрэгіянальных ліній. Згодна з дзеючым кантрактам на Беларускую чыгунку ў 2015 годзе павінны быць пастаўлены 2 такія цягнікi. Яны будуць мець шэраг пераваг, якія дазволяць забяспечыць камфорт далёкіх паездак. У сямiвагонных цягніках прадугледжаны прасторныя салоны (шырыня кузава складзе 3480 мм); зручныя сядзенні з магчымасцю рэгулявання становішча, у адным з вагонаў абсталююць буфет. У новых цягніках будзе 5 туалетных комплексаў, адзін з якіх прызначаны для людзей з абмежаванымі фізічнымі магчымасцямі. У адным з вагонаў таксама прадугледжана шматфункцыянальная зона для людзей з абмежаванымі фізічнымі магчымасцямі і пасажыраў з дзіцячымі каляскамі і веласiпедамі .

Акрамя таго, у сямiвагонных цягніках міжрэгіянальных ліній прадугледжаны месцы 1-га і 2-га класаў. Усяго будзе 16 месцаў 1-га класа, якія будуць аб'яднаны ў асобную зону павышанай камфортнасці ў адным з галаўных вагонаў.

Нагадаем, у снежні 2012 года Беларуская чыгунка заключыла кантракт з кампаніяй «Stadler Bussnang AG» на пастаўку 6 пяцівагонных электрацягнікоў рэгіянальных ліній бізнес-класа, з якіх 2 цягнікi былі пастаўлены ў 2013 годзе, 1 цягнік — у студзені бягучага года, і да канца першага паўгоддзя чакаецца пастаўка яшчэ 3 такіх цягнікоў. У кастрычніку 2013 бакі падпісалі дадатковае пагадненне да гэтака кантракта на пастаўку ў 2015 годзе 2 сямівагонных цягнікоў міжрэгіянальных ліній.

 

Інфармацыя падрыхтавана прэс-цэнтрам БЧ

Да спісу навін за 2014 год