Вы выкарыстоўваеце састарэлы браўзэр. Каб карыстацца ўсімі магчымасцямі сайта, загрузіце і ўсталюйце адзін з гэтых браўзэраў:

БЕЛ

4—5 снежня Беларуская чыгунка правядзе нараду па пытаннях курсіравання цягніка камбінаванага транспарту «Вікінг», якая пройдзе ў Магілёве

03 снежня 2013

У нарадзе прымуць удзел Дзяржаўная адміністрацыя чыгуначнага транспарту Украіны, АТ «Літоўскія чыгункі», ЕООД «БДЖ — Грузовые перевозки», дзяржаўнае прадпрыемства «Чыгунка Малдовы», а таксама аператары цягніка — дзяржаўнае прадпрыемства «БЕЛІНТЭРТРАНС — транспартна-лагістычны цэнтр» Беларускай чыгункі, УДзЦТС «Лиски», ТАА «Трансконтейнер Украина», АТ «ПЛАСКЕ», ТАА «РУСКОНТРАНЗИТ Украина».

У ходзе нарады плануецца разгледзець пытанні эксплуатацыі цягніка «Вікінг» за 10 месяцаў бягучага года, тарыфныя ўмовы на перавозкі грузаў у складзе цягніка на 2014 год, аб інфармацыйнай падтрымцы праекта цягніка «Вікінг». Таксама будзе нададзена ўвага далейшаму развіццю праекта, у прыватнасці, пашырэнню геаграфіі курсіравання цягніка. З гэтай мэтай на мерапрыемства запрошаны прадстаўнікі чыгуначных адміністрацый Турцыі і Румыніі.

 

Цягнік камбінаванага транспарту «Вікінг» праходзіць праз Украіну, Беларусь і Літву. Шлях злучае ланцуг марскіх кантэйнерных ліній Балтыйскага рэгіёну з аналагічнай сістэмай Чорнага, Міжземнага мораў. Гэта ўзорны прыклад інтэрмадальных міждзяржаўных зносін. Рух цягніка ажыццяўляецца па ўзгодненым цвёрдым графіку з забеспячэннем аператыўнага кантролю на ўсім шляху руху. У склад цягніка ўключаюцца платформы з буйнатанажнымi кантэйнерамі.

Першы цягнік камбінаванага транспарту «Вікінг» быў адпраўлены 6 лютага 2003 з Адэсы.

У мэтах далейшага развіцця і павелічэння аб'ёмаў грузаперавозак у 2012 да праекту «Вікінг» далучыліся чыгуначная адміністрацыя Балгарыі , а ў 2013 годзе — Малдовы.  Таксама разглядаецца пашырэнне геаграфіі курсіравання цягніка ў напрамку Чорнае мора—Балтыйскае мора.

Пашырэнне геаграфіі цягніка «Вікінг» дазволіць прыцягнуць грузапатокі са скандынаўскіх ( Фінляндыя, Швецыя, Нарвегія ), паўднёваеўрапейскіх краін ( Балгарыя, Турцыя ) і стаць эфектыўным інструментам для перавозкі грузаў паміж Скандынавіяй і краінамі Чарнаморскага рэгіёну.

Афіцыйным экспедытарам цягніка па тэрыторыі Рэспублікі Беларусь з'яўляецца дзяржаўнае прадпрыемства «БЕЛІНТЭРТРАНС — транспартна-лагістычны цэнтр» Беларускай чыгункі.

Удзельнікі праекта цягніка «Вікінг» надаюць вялікую ўвагу рэкламнай кампаніі. Штогод інфармацыя аб праекце прадстаўлена на міжнародных транспартных выставах, на афіцыйных сайтах удзельнікаў праекта. У праекта ёсць свой сайт —  www.vikingtrain.com, прома-ролік. У 2012 годзе таварны знак «VIKING TRAIN» быў зарэгістраваны ў Сусветнай арганізацыі інтэлектуальнай уласнасці.

У 2009 годзе Асацыяцыяй еўрапейскіх інтэрмадальных перавозак цягнік «Вікінг» прызнаны лепшым еўрапейскім праектам па перавозках грузаў з пункта А ў пункт Б.

За 10 месяцаў 2013 цягніком «Вікінг» па тэрыторыі Беларусі перавезена каля 36 тыс. TEU кантэйнераў.

 

Інфармацыя падрыхтавана прэс-цэнтрам  БЧ

Да спісу навін за 2013 год