Вы выкарыстоўваеце састарэлы браўзэр. Каб карыстацца ўсімі магчымасцямі сайта, загрузіце і ўсталюйце адзін з гэтых браўзэраў:

БЕЛ

Зборная каманда Беларускай чыгункі атрымала ўпэўненую перамогу ў cпартакiядзе Мінтранса

15 кастрычніка 2013

Чатыры першыя месцы ў пяці відах спорту — з такой упэўненай перамогай вярнулася каманда Беларускай чыгункі з II-га этапу рэспубліканскай спартакіяды сярод структурных падраздзяленняў і арганізацый Міністэрства транспарту і камунікацый Рэспублікі Беларусь.

 

На працягу трох дзён — з 11 па 13 кастрычніка — спартсмены, якія прадстаўляюць пяць галіновых ведамстваў, спаборнічалі ў валейболе, міні-футболе, мнагаборстве, плаванні і дартсе. На гэты раз арганізатары падрыхтаваліся грунтоўна і выдатна парадавалі удзельнікаў, падаўшы ім адну з лепшых у Беларусі пляцовак — Алімпійскі спартыўны комплекс «Стайкі».

Ва ўсіх спаборніцтвах было шмат захапляльных і напружаных момантаў. І гэта нядзіўна: з кожным годам расце ўзровень падрыхтоўкі ўдзельнікаў. Кожная каманда старалася падабраць лепшых спартсменаў.

Валейбол

У кожнай камандзе — чацвёра мужчын і дзве жанчыны. У актыве чыгуначнікаў — перамогі над прадстаўнікамі холдынгу «Белаўтадор», воднага і аўтамабільнага транспарту. Самая напружаная гульня атрымалася з камандай Дэпартамента па авіяцыі. У першай партыі прадстаўнікі магістралі саступілі з лікам 23:25. У другой, мабілізаваўшы свае сілы, здолелі адыграцца — 26:24. У вырашальным трэцім паядынку ўсё залежала ад самааддачы кожнага з гульцоў. З лікам 15:13 перамагла каманда Беларускай чыгункі.

Міні-футбол

У каманду магістралі ўвайшлі ў асноўным працаўнікі Маладзечанскай дыстанцыі пуцi, а капітанам быў слесар лакаматыўнага дэпо Гомель Сяргей Зайцаў. У гэтым вiду спорту таксама не было роўных чыгуначнікам. Яны выйгралі 16:01 ў каманды воднага транспарту, 1:0 — ў Дэпартамента па авіяцыі, а вось з дарожнікамі прыйшлося пацягацца.

— Камандзе «Белаўтадор» спачатку саступалі два мячы, — адзначыў Сяргей Зайцаў. — Тады прынялі рашэнне выпусціць на поле пятага гульца замест варатара — рызыкоўна, але іншага выйсця не было. І мы здолелi за кароткі час зраўняць лік. Гэта было вельмі эфектна і відовішчна. Хоць супернікі не са слабых — гэта спартсмены, якія раней выступалі ў чэмпіянаце вышэйшай лігі.

Мнагаборства

За кожную каманду выступалі чатыры чалавекі (двое мужчын і дзве жанчыны) у двух узроставых катэгорыях — да 40 гадоў і старэйшыя за 40 гадоў. Спартсмены спаборнічалі ў плаванні, скачках з месца, падцягванні на перакладзіне (мужчыны), падцягванні ад лаўкі (жанчыны), бегу на 60, 500 і 1000 метраў. Першыя месцы камандзе прынеслі ўсе чатыры ўдзельнікі - слесар маторвагоннага дэпо Мінск Міхаіл Юркоў (ён, дарэчы, быў самы старэйшы сярод усіх спартсменаў спартакіяды — яму 59 гадоў, але падцягнуўся больш за ўсіх — 43 разы), дзяжурны па станцыі Пінск Канстанцін Сідарэвіч, інструктар-метадыст КСЦ Брэсцкага аддзялення Іна Небелюк і вядучы інжынер службы вагоннай гаспадаркі Ірына Казакевіч.

Такім чынам, каманда магістралі заняла 1-е агульнакаманднае месца ў мнагаборстве.

Плаванне

Адбыліся асабістыя і камандныя спаборніцтвы, а таксама эстафета. У асабістым заліку ў чыгуначнікаў тры першыя месцы (вызначыліся інструктар-метадыст КСЦ Віцебскага аддзялення Андрэй Астапюк, інструктары — метадысты КСЦ Магілёўскага аддзялення Алег Агафонаў і Вольга Мартынава), чацвёртая ўдзельніца — рабочая па комплексным абслугоўванні і рамонце будынкаў і збудаванняў лакаматыўнага дэпо Віцебск Таццяна Мельнікава стала другой. Ёй не хапіла да перамогі ўсяго 3 сек.

У камандным заліку і ў эстафеце прадстаўнікі магістралі атрымалі ўпэўненую перамогу.

Дартс

А вось у гэтай гульні нашай камандзе не пашанцавала — у яе 4-е месца.

У агульнакамандным заліку спартакіяды Мінтранса на 1-м месцы — каманда Беларускай чыгункі, на 2-м — холдынг «Белаўтадор», на 3-м — Дэпартамент па авіяцыі.

 

Інфармацыя падрыхтавана прэс-цэнтрам БЧ

Тэгі: спорт
Да спісу навін за 2013 год