Вы выкарыстоўваеце састарэлы браўзэр. Каб карыстацца ўсімі магчымасцямі сайта, загрузіце і ўсталюйце адзін з гэтых браўзэраў:

БЕЛ

Беларуская чыгунка адзначыць 4 жніўня сваё прафесійнае свята — Дзень чыгуначніка

02 жніўня 2013

4 жніўня прафесійнае свята — Дзень чыгуначніка — адзначаць ва ўсіх рэгіёнах Беларусі.

У гэты дзень на ўсіх вакзалах абласных цэнтраў і на вакзале ў г. Оршы з 12.00 да 13.00 будуць арганізаваны святочныя канцэрты з удзелам лепшых калектываў мастацкай самадзейнасці Беларускай чыгункі.

Ва ўстановах культуры беларускай магістралі пройдуць святочныя канцэрты. У парках культуры і адпачынку — гулянні, разнастайныя культурна-забаўляльныя мерапрыемствы, у тым ліку для дзяцей. На спартыўных пляцоўках беларускай магістралі будуць арганізаваны шахматна-шашачныя турніры, спартыўныя конкурсы і эстафеты.

 

Да прыкладу, у Мінску свята пачнецца ў 10.00 спартыўнымі спаборніцтвамі на стадыёне «Лакаматыў». Упершыню ў рамках свята ў 13.00 на сталічным стадыёне «Лакаматыў» пройдзе таварыская сустрэча па футболе зборных каманд Мінскага аддзялення беларускай магістралі і «Арт-старс» артыстаў беларускай эстрады.

У гэты ж дзень каманда «Арт-старс» дасць канцэрт на плошчы перад Палацам культуры і спорту чыгуначнікаў. Сярод артыстаў выступяць Альберт Бягун, Дзміцер Смольскі, Сяргей Мінскі, Анатоль Длусскі. Таксама адбудзецца выступленне творчых калектываў Палаца культуры і спорту чыгуначнікаў. У 19.00 — святочная дыскатэка, у 21.00 — феерверк.

На Дзіцячай чыгунцы з 12.00 да 13.00 выступяць калектывы мастацкай самадзейнасці сталічнага ПКСЧ, а таксама пройдзе XVI міжнародная выстава «Беларускі модуль» з удзелам прадстаўнікоў Расіі, Украіны, Беларусі. На выставе будуць прадстаўлены дзейныя макеты чыгунак.

У Баранавічах цэнтрам свята стане гарадскі парк, дзе змесцяцца сцэнічныя пляцоўкі. Пройдуць цырымоніі прысвячэння маладых спецыялістаў у чыгуначныя прафесіі, масавыя гулянні, будзе прадстаўлена вялікая эстрадная праграма з удзелам лепшых калектываў мастацкай самадзейнасці горада «Квітней і спявай, мая чыгунка!». У музеі гісторыі Баранавіцкага аддзялення будуць арганізаваны аглядныя экскурсіі «Гісторыя ў фатаграфіях».

Вялікая святочная праграма прадугледжана ў Брэсце. У гарадскім парку культуры і адпачынку імя 1-га Мая пройдзе ўшаноўванне працоўных дынастый аддзялення чыгункі, гала-канцэрт калектываў і выканаўцаў аддзялення чыгункі, канцэртна-танцавальная праграма гарадскога духавага аркестра. Акрамя таго, падрыхтаваны святочны выпуск радыёгазеты. Прадугледжана гульнявая праграма для дзяцей.

У Гомелі ўрачыстыя мерапрыемствы пройдуць у Палацы культуры чыгуначнікаў і пачнуцца яны з ушаноўвання перадавікоў вытворчасці. Перад чыгуначнікамі выступіць заслужаная артыстка Рэспублікі Беларусь Ірына Дарафеева і тэатр песні, духавы аркестр лакаматыўнага дэпо Гомель. Будзе арганізавана танцавальна-забаўляльная праграма «Святочны калейдаскоп», выстава фатаграфій дэкаратыўна-прыкладной творчасці і жывапісу, а таксама шэраг іншых мерапрыемстваў.

Сярод разнастайных культурна-масавых мерапрыемстваў Магілёўскага аддзялення чыгункі, якія пройдуць у Магілёўскім культурна-спартыўным цэнтры, прадугледжана правядзенне святочнага канцэрту, конкурсу сярод сем'яў Магілёўскага вузла «Тата, мама, я — чыгуначная сям'я», адбудуцца выступленнi парашутыстаў. Перад чыгуначнікамі выступіць група «Сіці Джаз Бэнд». Таксама пройдуць і спартыўныя мерапрыемствы.

Для дзяцей будзе працаваць дзіцячая пляцоўка, пройдзе канцэрт дзіцячых калектываў мастацкай самадзейнасці «Аліса ў краіне цудаў», танцавальная праграма для дзяцей.

Масавыя гуляннi з нагоды Дня чыгуначніка пройдуць у парку культуры і адпачынку ў Віцебску. Тут будзе арганізаваны святочны канцэрт, адбудуцца выступленнi маладзёжнага аркестра народных інструментаў і народнага хору чыгуначнікаў, музычны конкурс «Iграй гармонік». Пройдуць спартыўныя спаборніцтвы, паказальныя выступленнi клуба гістарычнай рэканструкцыі «Нагльфар». Для дзяцей будзе арганізавана танцавальна-забаўляльная праграма.

Святочныя мерапрыемствы 4 жніўня пройдуць таксама ва ўстановах культуры і на спартыўных пляцоўках такіх буйных чыгуначных вузлоў беларускай магістралі, як Орша, Маладзечна, Гродна, Ваўкавыск, Ліда, Лунінец, Асіповічы, Крычаў, Полацк, Круляўшчызна і інш.

 

Інфармацыя падрыхтавана прэс-цэнтрам БЧ

 

 

Да спісу навін за 2013 год