Галоўная медыцынская сястра Арганізацыі Беларускай чыгункі Беларускага Таварыства Чырвонага Крыжа узнагароджана медалём імя Флорэнс Найцінгейл
16 мая 2013
12 мая ў штаб-кватэры Міжнароднага Камітэта Чырвонага Крыжа ў Жэневе (Швейцарыя) было прынята рашэнне аб ўзнагароджаннi галоўнай медыцынскай сястры Арганізацыі Беларускай чыгункі Беларускага Таварыства Чырвонага Крыжа Ізольды Сямушынай медалем імя Флорэнс Найцінгейл. Гэта вышэйшая і самая прэстыжная міжнародная ўзнагарода медыцынскіх сясцёр.
Медаль імя Флорэнс Найцінгейл заснаваны ў 1912 годзе Міжнароднай канферэнцыяй Чырвонага Крыжа ў гонар легендарнай сястры міласэрнасці, грамадскага дзеяча Вялікабрытаніі, якая зрабіла значны ўклад у развіццё сястрынскай справы і сястрынскай прафесіі. Медалём узнагароджваюцца дыпламаваныя медыцынскія сёстры і браты за адмысловыя самаадданыя ўчынкі, адносіны да хворых і параненых у мірны час, за надзвычайныя маральныя і прафесійныя якасці, гуманізм і міласэрнасць.
Ізольда Сямушына з дзяцінства выхоўвалася на прыкладах міласэрнасці і гуманізму. Пасля заканчэння медыцынскага вучылішча ў 1967 годзе стала медыцынскай сястрой. Вывучыўшы асноватворныя прынцыпы руху Чырвонага Крыжа, у сваёй працы выяўляла такія якасці сваёй душы і сэрца, як самаахвяраванне, спачуванне, саўдзел, гатоўнасць у любую хвіліну прыйсці на дапамогу блізкаму.
Інфармацыя падрыхтавана прэс-цэнтрам БЧ
Да спісу навін за 2013 год