Вы выкарыстоўваеце састарэлы браўзэр. Каб карыстацца ўсімі магчымасцямі сайта, загрузіце і ўсталюйце адзін з гэтых браўзэраў:

БЕЛ

Чыгуначны стандарт. 13 сакавіка ў Мінску адбылося пасяджэнне Міждзяржаўнага тэхнічнага камітэта па стандартызацыі № 524 «Чыгуначны транспарт»

13 сакавіка 2013

Граматная і эфектыўная праца па ўкараненнi адзіных міждзяржаўных стандартаў у сферы чыгуначнага транспарту — залог паспяховага развіцця галіны і трывалая аснова для ўмацавання ўзаемавыгаднага чыгуначнага супрацоўніцтва. Пра гэта 13 сакавіка ішла размова на пасяджэнні Міждзяржаўнага тэхнічнага камітэта па стандартызацыі № 524 «Чыгуначны транспарт».

Прадстаўнікі кіраўніцтва Беларускай чыгункі, ААТ «Расійскія чыгункі», а таксама госці з Казахстана, Украіны, Арменіі і Малдовы абмеркавалі перспектывы далейшай працы па уніфікацыі стандартаў на прасторы каляіны 1520.

 

Асаблівая ўвага ў ходзе сустрэчы прысутныя надалі стандартам у галіне бяспекі чыгуначных перавозак, а таксама сертыфікацыі рухомага саставу. У кожнай з краін-удзельніц Міждзяржаўнага тэхнічнага камітэта па стандартызацыі № 524 гэтая праца не стаіць на месцы.

— У прыватнасці, у Беларусі, — падкрэсліў галоўны інжынер Беларускай чыгункі Валерый Шубадзёраў, — бяспецы перавозак надаецца самая пільная ўвага, многае зроблена, для таго, каб павысіць стандарт бяспекі.

— Акрамя таго, Беларуская чыгунка паспяхова рэалізуе шэраг інавацыйных праектаў па развіцці інфраструктуры, закуплены новыя электравозы кітайскай вытворчасці, а таксама швейцарскія электрацягнікi. Новая тэхніка і новае абсталяванне, — адзначыў Валерый Шубадзёраў, — вядома ж, патрабуе новых падыходаў і стандартаў па эксплуатацыі і абслугоўванні.

Для аптымізацыі працы з мноствам розных стандартаў і тэхнічных нарматываў Беларуская чыгунка сфармавала камп'ютарны банк дадзеных паўнатэкставых дакументаў у сістэме ІПС «Стандарт 3.0». Гэта дазволіла працаўнікам беларускай стальной магістралі атрымаць доступ да афіцыйных электронных версій больш за 37 000 дакументаў з рэспубліканскага фонду тэхнічных прававых актаў. Акрамя таго, існуе магчымасць электроннага доступу да стандартаў ААТ «Расійскія чыгункі".

У сваю чаргу, старшыня Міждзяржаўнага тэхнічнага камітэта па стандартызацыі № 524 «Чыгуначны транспарт» старэйшы віцэ-прэзідэнт, галоўны інжынер ААТ «Расійскія чыгункі» Валянцін Гапановіч, падкрэсліў важнасць выпрацоўкі адзіных падыходаў да функцыянавання чыгуначнай галіны на прасторы каляіны 1520. Асабліва гэта тычыцца міжнародных транспартных калідораў.

Адзіныя, выразныя і зразумелыя стандарты — гэта яшчэ і істотная эканомія фінансавых сродкаў. Гарманізацыя стандартаў прыводзіць да прыкметнага павелічэння прыбытку, — адзначыў Валянцін Гапановіч.

Высока ацаніў працу чыгуначнікаў у сферы стандартызацыі старшыня Дзяржаўнага камітэта па стандартызацыі Рэспублікі Беларусь Віктар Назаранка. У прыватнасці, ён адзначыў, што першыя тэхнічныя стандарты ў свой час з'явіліся менавіта на чыгунцы, ну, а сёння чыгуначная галіна лідзіруе ўжо ў сферы уніфікацыі і аптымізацыі стандартаў.

— У працы па ўніфікацыі нарматыўнай базы краін Мытнага саюза і Адзінай эканамічнай прасторы Беларускую чыгунку можна смела назваць лакаматывам, які ідзе наперадзе многіх іншых галін прамысловасці, — падкрэсліў Віктар Назаранка.

Акрамя таго, на пасяджэнні ішла размова і аб міжнародным супрацоўніцтве ў галіне тэхнічнага рэгулявання і стандартызацыі не толькі ў рамках прасторы каляіны 1520, але і 1435, а менавіта з чыгункамі Еўрапейскага саюза і іншых дзяржаў-членаў Міжнароднага саюза чыгунак.

Удзельнікі міжнароднага форуму, у прыватнасці, абмеркавалі пытанні iнтэраперабельнасцi (па-англiйску interoperability — здольнасць да ўзаемадзеяння) чыгуначных сістэм каляіны 1435/1520 мм. У гэтай сферы Беларуская чыгунка цесна супрацоўнічае з расійскімі калегамі ў рамках рэалізацыі праекта хуткасных чыгуначных зносін Масква-Мінск—Брэст—Берлін.

Удзельнікі пасяджэння падзяліліся з калегамі сваім бачаннем перспектыў развіцця стандартызацыі ў галіне надзейнасці і кіравання рызыкамі на чыгуначным транспарце, а таксама абмеркавалі такія складаныя і спецыфічныя сферы як, напрыклад, стандарты электрамагнітнай сумяшчальнасці.

У ходзе пасяджэння таксама быў абраны намеснік Міждзяржаўнага тэхнічнага камітэта па стандартызацыі № 524 «Чыгуначны транспарт». Ім стаў начальнік службы стандартызацыі, метралогіі, сертыфікацыі і кіравання якасцю Упраўлення Беларускай чыгункі Уладзімір Верабей. Улічваючы сур'ёзны ўклад беларускай стальной магістралі ў работу камітэта, рашэнне на карысць кандыдатуры Уладзіміра Вераб'я было аднагалосным.

Што ж тычыцца работы камітэта ў 2012 годзе, то па яе выніках падзякай старшыні Міждзяржаўнага тэхнічнага камітэта па стандартызацыі № 524 «Чыгуначны транспарт», старэйшага віцэ-прэзідэнта ААТ «РЖД» быў адзначаны галоўны інжынер Беларускай чыгункі Валерый Шубадзёраў.

Што ж тычыцца вынікаў пасяджэння, то яны будуць адлюстраваны ў пратаколе, а праца па рэалізацыі дасягнутых рашэнняў будзе арганізавана ўжо ў бліжэйшы час. Дарэчы, улічваючы велізарны аб'ём сумеснай працы, не выключана, што ў перспектыве сустрэчы ў фармаце камітэта будуць праходзіць двойчы ў год. Такую ініцыятыву выказаў старшыня Міждзяржаўнага тэхнічнага камітэта па стандартызацыі № 524 «Чыгуначны транспарт», старэйшы віцэ-прэзідэнт ААТ «РЖД» Валянцін Гапановіч.

Даведачна:

Міждзяржаўны тэхнічны камітэт па стандартызацыі № 524 «Чыгуначны транспарт» — гэта рабочы орган Міждзяржаўнага савета па стандартызацыі, метралогіі і сертыфікацыі дзяржаў-удзельніц Пагаднення аб правядзенні ўзгодненай палітыкі ў галіне стандартызацыі, метралогіі і сертыфікацыі. Камітэт быў створаны 25 лістапада 2010 г. для распрацоўкі міждзяржаўных стандартаў, зводаў правіл і іншых дакументаў па стандартызацыі ў галіне чыгуначнага транспарту. Праца камітэта нацэлена на гарманізацыю гэтых стандартаў з міжнароднымі нормамі і садзейнічанне прымяненню міжнародных, рэгіянальных і нацыянальных стандартаў у чыгуначнай сферы.

Беларусь з'яўляецца актыўным членам камітэта. Акрамя нашай краіны ў склад гэтага органа ўваходзяць прадстаўнікі яшчэ 11 дзяржаў, у тым ліку дзве краіны са статусам назіральніка.

Камітэт аб'ядноўвае больш за 400 прадпрыемстваў, а таксама 1500 спецыялістаў і экспертаў у сферы чыгуначнага транспарту. Гэта прадстаўнікі чыгуначных адміністрацый дзяржаў-удзельніц СНД і Балтыі, супрацоўнікі органаў улады, прадпрыемстваў вытворцаў і пастаўшчыкоў чыгуначнай тэхнікі, навуковых і праектных арганізацый, вышэйшых навучальных устаноў, аператараў чыгуначных перавозак.

 

Інфармацыя падрыхтавана прэс-цэнтрам БЧ

Да спісу навін за 2013 год