Вы выкарыстоўваеце састарэлы браўзэр. Каб карыстацца ўсімі магчымасцямі сайта, загрузіце і ўсталюйце адзін з гэтых браўзэраў:

БЕЛ

Беларуская чыгунка і АТ «Літоўскія чыгункі» падводзяць вынікі сумеснай працы ў 2012 годзе і абмяркоўваюць перспектывы супрацоўніцтва на 2013 год

26 лютага 2013

Нарада кіраўнікоў Беларускай чыгункi і АТ «Літоўскія чыгункі» пройдзе ў Вільнюсе 27—28 лютага. Бакі разгледзяць пытанні, накіраваныя на стварэнне ўмоў для далейшага развіцця міжнародных грузавых і пасажырскіх перавозак у зносінах Беларусь–Літва. Акрамя таго, размова пойдзе пра павышэнне ўзроўню арганізацыі пропуску вагонапатоку і далейшай каардынацыі дзеянняў па рэалізацыі інфраструктурных праектаў.

АТ «Літоўскія чыгункі» з'яўляюцца надзейным партнёрам Беларускай чыгункі на рынку транспартных паслуг у Балтыйскім рэгіёне.

 

За 2012 па Беларускай чыгунцы ў зносінах з Літвой перавезена 19,1 млн. тон. Асноўную наменклатуру грузаў складаюць: хімічныя і мінеральныя ўгнаенні; нафта і нафтапрадукты; хімікаты і сода.

На перамовах з кіраўніцтвам Літоўскіх чыгунак плануецца ўзгадніць пазіцыі па выпрацоўцы ўзаемапрымальных рашэнняў у пытаннях тарыфнай палітыкі ў адносінах да наменклатуры грузаў, якія традыцыйна імкнуцца да перавозак у напрамку Калінінградскай вобласці.

Паспяховым прыкладам супрацоўніцтва па пашырэнню транскантынентальных сувязяў краін Скандынаўскага паўвострава і краін басейна Чорнага мора з выкарыстаннем IХ міжнароднага транспартнага калідора можна назваць праект цягніка «Вікінг». У 2012 годзе цягніком перавезена 58,9 тыс. кантэйнераў у дваццацiфутовым эквіваленце (ДФЭ).

 

У ходзе перагавораў будуць падведзены вынікі працы па арганізацыі пасажырскіх зносін паміж Мінскам і Вільнюсам, разгледжаны перспектывы развіцця прыгранічных чыгуначных зносін, а таксама абмеркаваны дзеянні Бакоў па рэалізацыі II этапу праекта, які прадугледжвае скарачэнне часу ў дарозе паміж Мінскам і Вільнюсам з 3 да 2,5 гадзіны. За 12 месяцаў 2012 года ў зносінах з Літоўскімі чыгункамі перавезена 295 260 пасажыраў, або 157% да 2011 года. Варта адзначыць, што вялікай папулярнасцю на працягу мінулага года карыстаўся цягнік № 15/16, якім у 2012 годзе перавезены 196 821 пасажыр. Гэтаму спрыяла маркетынгавая стратэгія — пасажырапаток, арыентаваны на ранішняе прыбыццё ў Вільнюс і вячэрняе адпраўленне з Вільнюса. У сувязі з папулярнасцю ў пасажыраў дадзенага маршруту беларуская магістраль з 22.12.2012 прызначыла дадатковы цягнік № 201/202, які курсуе па суботах і нядзелях да ўводу новага графіка руху цягнікоў на 2013/2014 гг.

На нарадзе плануецца разгледзець перспектывы развіцця пасажырскіх перавозак на 2013/2014 гг., паляпшэнне выканання графіка руху пасажырскіх цягнікоў.

Будзе нададзена ўвага і рэалізацыі праекта хуткаснага руху паміж Мінскам і Вільнюсам. Нагадаем, што Беларускай чыгункай і АТ «Літоўскія чыгункі» у 2010 годзе падпісаны сумесны План дзеянняў, які ўключае ў сябе 3 этапы. Першы этап рэалізаваны ў 2012 годзе. Яго мэтай стала скарачэнне часу руху цягніка паміж Мiнскам і Вільнюсам з 4 да 3 гадзін. Другім этапам прадугледжваецца з уводам новага гадовага графіка скарачэнне часу ў дарозе з 3 да 2,5 гадзін. Яго плануецца дасягнуць за кошт змянення тэхналогіі памежнага і мытнага кантролю цягнікоў. Беларускай чыгункай праведзены шэраг нарад з памежнымі і мытнымі органамі Рэспублікі Беларусь, а таксама праведзены эксперымент з арганізацыяй у цягніках № 38 Вільнюс—Мінск і № 15 Мінск—Вільнюс на ўчастку Маладзечна—Гудагай памежнага і мытнага кантролю падчас руху цягнiка.

Электрыфікацыя ўчастка ад Мінска да Вільнюса з'яўляецца часткай літоўска-беларускага праекта па арганізацыі хуткасных зносін паміж сталіцамі. Пасля яго рэалізацыі са сталіцы ў сталіцу можна будзе дабрацца за 2 гадзіны.

28 лютага дэлегацыя Беларускай чыгункі прыме ўдзел у рабоце Міжнароднай канферэнцыі «10 гадовы вопыт работы і новыя задачы кантэйнернага цягніка «Вікінг». Цягнік забяспечвае перавозкі кантэйнераў ў зносінах Ільічоўск—Мінск—Клайпеда. Праект цягніка «Вікінг» з'яўляецца адным з самых паспяховых, цікавасць да якога выяўляюць такія краіны як Грузія, Азербайджан, Турцыя, Балгарыя.

 

Інфармацыя падрыхтавана прэс-цэнтрм БЧ

Да спісу навін за 2013 год