Вы выкарыстоўваеце састарэлы браўзэр. Каб карыстацца ўсімі магчымасцямі сайта, загрузіце і ўсталюйце адзін з гэтых браўзэраў:

БЕЛ

Беларуская чыгунка арганізуе выставачную экспазіцыю сучаснай чыгуначнай тэхнікі на станцыі Ждановічы

03 кастрычніка 2013

Выставачная экспазіцыя чыгуначнага рухомага саставу будзе працаваць на станцыі Ждановічы ў перыяд з 8 па 11 кастрычніка і стане важным звяном у комплексе мерапрыемстваў транспартна-лагістычнай тэматыкі пад назвай «Беларускi транспартны тыдзень».

Беларуская чыгунка арганізуе выставачную экспазіцыю з мэтай азнаямлення ўдзельнікаў і гасцей Беларускага транспартнага тыдня з прамысловым патэнцыялам прадпрыемстваў рэспублікі ў галіне чыгуначнага транспарту, а таксама інавацыйным рухомым саставам, што набываецца Беларускай чыгункай.

 

Сёння на беларускай магістралі развіваюцца тэхналогіі вытворчасці і мадэрнізацыі цеплавозаў. На экспазіцыі будуць прадстаўлены манеўровыя цеплавозы ТМЭ1 і ТМЭ3. Сярод прадстаўленых экспанатаў і сучасны грузавы электравоз БКГ1.

Пасажырскі рухомы састаў будзе прадстаўлены электрацягніком гарадскіх ліній ЭПГ і дызель-цягніком ДП1. Нагадаем, ДП1 — гэта сумесны праект ААТ «Кіруючая кампанія холдынгу «Белкамунмаш» і польскай холдынгавай кампаніі «PESA Bydgoszcz SA» пры ўдзеле ААТ «Мінскі вагонарамонтны завод».

ЗАТ «Мінскі вагонарамонтны завод» прадставіць адну з апошніх сваіх распрацовак — плацкартны вагон мадэлі 61-4447.М. Вагон прызначаны для перавозкі пасажыраў і персаналу цягніка па магістральных пуцях каляіны 1520 мм у складзе цягнікоў міжнародных ліній і мае шэраг пераваг. Ён абсталяваны комплексам сучаснага электраабсталявання з аўтаномнай сістэмай электразабеспячэння сумесна з нікель-кадміевай акумулятарнай батарэяй, сістэмай кандыцыянавання паветра, зачыненымі паваротнымі падножкамі, якія забяспечваюць выхад пасажыраў на высокія і нізкія платформы, прытулена-ссоўнымі дзвярыма, якія забяспечваюць ізаляцыю вагона ад уздзеяння неспрыяльных фактараў навакольнага асяроддзя. Кузаў вагона выраблены з каразійна-інэртнай сталі з тэрмінам службы не менш за 40 гадоў.

ЗАТ «Гомельскі вагонабудаўнічы завод» прадставіць купэйны вагон мадэлі 61-779 з радыëкупе. Вагон выконвае функцыю штабнога вагона і забяспечвае радыёсувязь па ўсiм саставе. Вагон можа эксплуатавацца як на электрыфікаваных, так і неэлектрыфікаваных участках чыгункі, прызначаны для перавозкі пасажыраў па чыгунках каляіны 1520 мм з хуткасцю руху да 160 км/ч.

На выставачнай экспазіцыі будуць прадстаўлены танк-кантэйнеры для перавозкі звадкаваных газаў, хімічных рэчываў вытворчасці СЗАТ «Асіповіцкі вагонабудаўнічы завод», а таксама прадукцыя СЗАТ «Магілёўскі вагонабудаўнічы завод» — хопер-цэментавоз, паўвагон і вагон-лесавоз.

Для ўдзельнікаў і гасцей выставы «Транспарт і лагістыка», якая будзе праходзіць у Мінску з 8 па 10 кастрычніка ў Футбольным манежы па адрасе: пр. Пераможцаў, д. 20 /2, Беларускай чыгункай будзе арганізаваны трансфер па маршруце Футбольны манеж—станцыя Ждановічы. Трансфер будзе арганізаваны штогадзіны: 8 кастрычніка з 13:00 да 17:00, 9 і 10 кастрычніка — з 10:00 да 15:00.

11 кастрычніцка плануецца наведванне выставы ўдзельнікамі бізнес-форуму «Стратэгічнае партнёрства 1520: Цэнтральная і Усходняя Еўропа».

 

Інфармацыя падрыхтавана прэс-цэнтрам БЧ

 

Да спісу навін за 2013 год