Чыгуначнікі дапамаглі затрымаць рэцыдывіста
03 декабря 2014
Злачынцы не грэбуюць зарабляць нават на бяспецы людзей. Сігнал аб тым, што на ўчастку дарогі Мірадзіна — Бабруйск знята некалькі тросаў ад дросельных перамычак, паступіў ад супрацоўнікаў станцыі Мірадзіна. Пільнасць праявілі начальнік станцыі Аляксандр Сойка разам са сваімі калегамі.
— Непрыветны малады чалавек трапіў мне на вочы якраз у той момант, калі я ехаў дадому на веласіпедзе ўздоўж чыгуначнай дарогі, — расказаў Аляксандр Сойка. — Я спытаўся, куды ён ідзе і чаму не хоча пачакаць электрычку. Але ён быў не вельмі гаваркім. І калі праз некалькі хвілін пазваніў дзяжурны і паведаміў аб здарэнні, я чамусьці адразу ж падумаў пра гэтага чалавека.
Пра яго чыгуначнікі аператыўна папярэдзілі супрацоўнікаў Бабруйскага АУС на транспарце. Ім аказаўся раней неаднаразова судзімы за падобныя злачынствы 31‑гадовы жыхар Бабруйска.
За актыўную грамадзянскую пазіцыю і дапамогу органам унутраных спраў у раскрыцці злачынства Аляксандру Сойку аб’яўлена падзяка і ўручана грашовая прэмія.
Нэлі Зігуля
Звязда
http://zviazda.by/2014/12/62847.html
02.12.2014
К списку новостей за 2014 год