Вы выкарыстоўваеце састарэлы браўзэр. Каб карыстацца ўсімі магчымасцямі сайта, загрузіце і ўсталюйце адзін з гэтых браўзэраў:

Language
Чым Вам дапамагчы?

Туры ў Беларусь

Беларусь — гэта прыродная прыгажосць бязмежных прастораў, старажытныя цэркаўкі і вясковыя сядзібы, блакітныя азёры і бярозавыя гаі, маляўнічыя лясы і шырокія рэкі, гэта скарацечнасць сучаснай цывілізацыі і шанаванне культурнай спадчыны продкаў.

Туры па Беларусі — гэта, перш за ўсё, азнаямленне са старажытнай гісторыяй Беларусі, з нацыянальнымі звычаямі, найбагацейшай архітэктурай і традыцыйным беларускім мастацтвам.

 

Размяшчэнне, граніцы

Рэспубліка Беларусь размешчана ў цэнтральнай частцы Еўропы. Па плошчы рэспубліка займае 13-е месца сярод еўрапейскіх дзяржаў. На захадзе краіна мяжуе з Польшчай, на паўночным захадзе — з Літвой, на поўначы — з Латвіяй і Расіяй, на паўночным усходзе і ўсходзе — з Расіяй, на поўдні — з Украінай.

Клімат

Клімат Беларусі ўмерана-кантынентальны, з мяккай і вільготнай зімой і цёплым летам. Найбольш цёплы час — з мая па верасень; сярэднямесячная тэмпература паветра ў гэты перыяд вагаецца ад +13 да +19 градусаў па Цэльсію. Самым цёплым месяцам лічыцца ліпень, самым халодным — студзень.

Плошча, насельніцтва, мова

Тэрыторыя Беларусі — 207,6 тыс. кв. км. Працягласць тэрыторыі з поўначы на поўдзень - 560 км, з усходу на захад — 650 км.

Беларусь знаходзіцца ў цэнтральнаеўрапейскім часавым поясе: GMT + 2 гадзіны.

Беларусь мае 6 абласцей, 118 раёнаў, больш за 100 гарадоў, 111 пасёлкаў гарадскога тыпу, звыш 24 тыс. вёсак.

Сталіца — горад Мінск, які займае плошчу каля 300 кв. км, з колькасцю насельніцтва, якая набліжаецца да 2 млн. чалавек.

У рэспубліцы пражываюць 9,8 млн. чалавек, з іх 71,5% — гарадскія жыхары.

Сімваламі дзяржаўнага суверэнітэту Рэспублікі Беларусь з’яўляюцца Дзяржаўны сцяг, Дзяржаўны герб і Дзяржаўны гімн.

Дзяржаўныя мовы — беларуская і руская, грашовая адзінка — беларускі рубель.

Беларусь — шматнацыянальная дзяржава. Беларусы ў структуры насельніцтва краіны складаюць 81%. Астатнія 19% прадстаўляюць больш за 140 нацыянальнасцяў — рускіх, палякаў, украінцаў, яўрэяў, армян, татараў і іншых.

Рэлігія

Беларусь — дзяржава са спрадвечнымі традыцыямі поліканфесійнасці. У рэспубліцы зарэгістраваныя і дзейнічаюць 2 829 рэлігійных суполак, 25 канфесій і рэлігійных напрамкаў, 142 рэлігійныя арганізацыі агульнаканфесійнага значэння. Традыцыйнымі для Беларусі з’яўляюцца праваслаўная, каталіцкая і евангелічна-лютэранская цэрквы, іўдаізм, іслам.

Дзяржаўны лад

Рэспубліка Беларусь — унітарная дэмакратычная сацыяльная прававая дзяржава. Кіраўнік дзяржавы — Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь. Прадстаўнічым і заканадаўчым органам з’яўляецца Парламент — Нацыянальны сход Рэспублікі Беларусь, які складаецца з дзвюх палат: Палаты прадстаўнікоў і Савета Рэспублікі. Выканаўчая ўлада — Савет Міністраў Рэспублікі Беларусь на чале з прэм’ер-міністрам.

Дзяржаўная ўлада ў Рэспубліцы Беларусь ажыццяўляецца на аснове падзелу яе на заканадаўчую, выканаўчую і судовую.

Адміністрацыйна-тэрытарыяльны падзел

Беларусь складаецца з 6 абласцей з цэнтрамі ў Мінску, Брэсце, Віцебску, Гомелі, Гродне і Магілёве. Кожная вобласць дзеліцца на раёны, гарады і іншыя тэрытарыяльныя і адміністрацыйна-гаспадарчыя адзінкі.

Святы

1 студзеня — Новы год

7 студзеня — Нараджэнне Хрыстова (па праваслаўнай канфесіі)

8 сакавіка — Дзень жанчын

1 мая — Свята працы

9 мая — Дзень Перамогі

3 ліпеня — Дзень Незалежнасці Рэспублікі Беларусь

7 лістапада — Дзень Кастрычніцкай рэвалюцыі

25 снежня — Нараджэнне Хрыстова (па каталіцкай канфесіі)

Усе гэтыя дні з’яўляюцца выхаднымі, калі не працуюць дзяржаўныя ўстановы і большасць магазінаў.

Тэлефонная сувязь

Для міжнародных званкоў трэба набраць “8, затым пачакаць доўгага гудка, набраць “10, код краіны, у якую звоніце, код населенага пункта, тэлефонны нумар.

Пазваніць з тэлефона-аўтамата ў Беларусі можна толькі пры дапамозе спецыяльнай тэлефоннай карткі. Наяўныя грошы, крэдытныя і плацежныя карткі для гэтых мэтаў не падыходзяць. Тэлефонныя карткі ёсць у продажы на паштовых аддзяленнях і газетных кіёсках.

Мясцовы транспарт

У Беларусі сёння выкарыстоўваюцца практычна ўсе віды сучаснага грамадскага транспарту: аўтобусны, тралейбусны, трамвайны, метро (у Мінску) і маршрутныя таксі. Кошт разавай паездкі ў межах населенага пункта прыкладна ад 0,3 да 0,7 USD.

Страхаванне

Замежныя грамадзяне павінны мець медыцынскае страхавое пагадненне з беларускай страхавой кампаніяй або з аўтарызаванай замежнай страхавой кампаніяй і страхавы поліс, выдадзены кампаніяй.

Пражыванне

Усе замежныя грамадзяне, якія прыбылі ў Беларусь, падлягаюць абавязковай рэгістрацыі. Замежныя турысты, якія пасяліліся ў гасцініцах, рэгіструюцца аўтаматычна. Кошт рэгістрацыі ўваходзіць у кошт пражывання. Замежныя грамадзяне, якія прыбылі па гасцявой або дзелавой візах і пражываюць на прыватных кватэрах, павінны на працягу 3 дзён зарэгістравацца ў АВІР (аддзяленне віз і рэгістрацыі) па месцы жыхарства, дзе ім паставяць адзнаку ў пашпарце.

Папулярныя славутасці

Мінск і Мінская вобласць: праспект Незалежнасці, Траецкае прадмесце, Нацыянальная бібліятэка, Лінія Сталіна, Нацыянальны парк “Нарачанскі, Бярэзінскі біясферны запаведнік.

Брэст і Брэсцкая вобласць: Брэсцкая крэпасць, Белавежская пушча, Белая Вежа (Камянец), палац Пуслоўскіх (Косава), палацавы комплекс Сапегаў (Ружаны), кляштар францысканцаў (Пінск).

Віцебск і Віцебская вобласць: царква Благавешчанская, ратуша, памятныя месцы Марка Шагала, Сафійскі сабор (Полацк), Спаса-Еўфрасіннеўскі манастыр (Полацк), Нацыянальны парк “Браслаўскія азёры.

Гомель і Гомельская вобласць: палацава-паркавы ансамбль Румянцавых і Паскевічаў, Нацыянальны парк “Прыпяцкі, музей народнай творчасці (Ветка), храмы Мазыра, ратуша (Чачэрск), сядзіба генерал-лейтэнанта Гатоўскага (Красны Бераг).

Гродна і Гродзенская вобласць: Фарны касцёл, Стары і Новы замкі, Барысаглебская царква, Мірскі замак (Мір), Навагрудак, Мураванка.

Магілёў і Магілёўская вобласць: вуліца Ленінская, Магілёўскі абласны драматычны тэатр, касцёл Святога Станіслава, ансамбль Мікалаеўскай царквы, Бабруйск, Галоўная сінагога (Быхаў).

Назад