Вы выкарыстоўваеце састарэлы браўзэр. Каб карыстацца ўсімі магчымасцямі сайта, загрузіце і ўсталюйце адзін з гэтых браўзэраў:

БЕЛ

Беларуская чыгунка завяршае рэалізацыю інвестпраекта па набыцці сучасных грузавых электравозаў

03 чэрвеня 2013

У лакаматыўнае дэпо Баранавічы з Кітая прыбылi 2 грузавыя электравозы БКГ1, вырабленыя для беларускай магістралі Датунскiм электравозабудаўнічым заводам. Гэта з'яўляецца завяршальным этапам прадугледжанай кантрактам пастаўкі на Беларускую чыгунку 12 двухсекцыйных грузавых электравозаў БКГ1 агульным коштам 99,8 млн. долараў.

Электравозы, што прыбылі ў Баранавічы, пройдуць там мытнае афармленне. Сумесна з кітайскімі спецыялістамі будуць праведзены пусканаладачныя работы электравозаў, пасля чаго яны будуць працаваць на электрыфікаваных участках беларускай магістралі.

4 электравозы БКГ1, якія паступілі ў Беларусь у маі 2013 года, ужо прайшлі пусканаладачныя работы і перададзены ў эксплуатацыю.

 

Нагадаем, у 2012 годзе на Беларускую чыгунку было пастаўлена 6 электравозаў БКГ1. Яны ўведзены ў пастаянную эксплуатацыю на электрыфікаваных участках Беларускай чыгункі Мінск—Брэст і Мінск—Орша II Агульнаеўрапейскага транспартнага калідора, а таксама Мінск—Маладзечна і Мінск—Асіповічы IX Агульнаеўрапейскага транспартнага калідора.

У сакавіку бягучага года быў атрыманы сертыфікат адпаведнасці на электравозы БКГ1. Дакумент, які пацвярджае адпаведнасць патрабаванням «НБ ЖТ ЦТ 04-98 электравозы. Нормы бяспекі " і тэхнічным патрабаванням Беларускай чыгункі, выдаў орган па сертыфікацыі — Беларускі дзяржаўны універсітэт транспарту.

Электравозы БКГ1 ўжо пацвердзілі сваю надзейнасць і эфектыўнасць пры перавозцы цяжкавагавых цягнікоў, якія прыбываюць у нашу краіну, у тым ліку з Расіі. Новы электравоз мае магутнасць 9600 кВт і здольны весці ў залежнасці ад профілю пуці і хуткаснага рэжыму грузавыя саставы вагой да 8000 тон. Калі раней вялікую вагу гэтых цягнікоў даводзілася памяншаць на станцыі Орша (бо крытычная вагавая норма для электравозаў ВЛ80С, якія выкарыстоўваюцца на беларускай магістралі, складае на розных участках чыгункі 4700—5500 т), то зараз цяжкавагавыя грузавыя цягнікі ідуць да перадаткавых станцый Маладзечна і Брэст без расфарміравання. Гэта дазваляе павялічыць прапускную здольнасць Беларускай чыгункі, пашырыць яе магчымасці па перавозцы транзітных грузаў, знізіць эксплуатацыйныя выдаткі.

 

Інфармацыя падрыхтавана прэс-цэнтрам БЧ

Тэгі: БКГ1
Да спісу навін за 2013 год